На Пухавіччыне прайшоў конкурс юных чытальнікаў

У мастацкай галерэі раённага краязнаўчага музея  гучалі радкі Якуба Коласа. Вершы народнага песняра, урыўкі з паэм “Новая зямля” і “Міхасёвы прыгоды” чыталі вучні 5-7-х класаў з розных  школ раёна. Вучні сталі ўдзельнікамі конкурсу чытальнікаў,  арганізатарамі якога выступілі раённы краязнаўчы музей і ўпраўленне па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама. Так завяршыліся традыцыйныя “Каласавіны”, якія праходзілі ў раёне на працягу ўсяго лістапада.

Праходзіў конкурс у зале мастацкай галерэі, дзе размясцілася выстава “Таямніцы беларускай сялянскай хаты”. Гэта было ідэальнае месца для правядзення  такога мерапрыемства. На высокім узроўні настаўнікі беларускай мовы і літаратуры падрыхтавалі  ўдзельнікаў конкурсу. Эпітэт “цудоўны” ў гэты раз падыходзіў да ўсяго: і да падбору твораў, і да іх выканання, і да  таго, як гучала родная мова.  Адбылася прыгожая літаратурная вечарына, на якой выканаўцы вельмі  пранікнёна чыталі вершаваныя радкі беларускага класіка, а слухачы з цікаўнасцю іх успрымалі.

Верш чытае Карына Камлюк з Азярычынскага НПК дзіцячы сад-сярэдняя школа.

Журы   прыйшлося   вельмі   няпроста, бо выбіраць ім давялося не столькі лепшых, колькі першых сярод роўных. У выніку ўсім юным чытальнікам  уручылі дыпломы ўдзельнікаў і  буклеты пра Якуба  Коласа  ад   раённага  краязнаўчага музея. Спецыяльныя прызы ад цэнтральнай раённай бібліятэкі атрымалі пяцікласнікі  Захар Пракапчук з Ананіцкага  навучальна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя  школа  і  Кацярына  Ланец  з  Дубраўскай   сярэдняй  школы, ад  рэдакцыі  газеты  “Пухавіцкія навіны”  —   вучань  5  класа  сярэдняй  школы №4  горада  Мар’іна  Горка  Павел Пляскач і вучаніца 6 класа Азярычынскага  навучальна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа  Карына Камлюк. Дыпламантам III ступені стала вучаніца 7 класа сярэдняй школы №3 горада Мар’іна Горка Таццяна Качэргіна, II ступені —  Дар’я  Лозка з Дукорскага   навучальна-педагагічнага комплексу  дзіцячы сад-сярэдняя школа. А самым запамінальным на конкурсе стала выступленне вучня 5 класа Азярычынскага  навучальна-педагагічнага комплексу  дзіцячы  сад-сярэдняя школа  Іллі  Граблюка:    верш     “Савось-распуснік” у яго выкананні  не  пакінуў  абыякавым  нікога.  Ён і стаў пераможцам.

Дыпломы і падарункі атрымалі і настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, якія  падрыхтавалі  пераможцаў: Алена Закрэўская з Азярычынскага НПК дзіцячы сад-сярэдняя школа, Наталля  Крукоўская з Дукорскага НПК дзіцячы сад-сярэдняя   школа  і   Ірына  Зянько з  сярэдняй  школы  №3  горада Мар’іна Горка.

Наталля  ВАСІЛЬЕВА. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *