На Пухавіччыне праходзіць абласная акцыя “Слава табе, ветэран”
Ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, які пражываюць у нашым раёне, дастаўляюць прадуктовыя наборы ад гандлёвай сеткі “Еўраопт”.
Пачалі акцыю работнікі цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Пухавіцкага раёна. Яны прывезлі прадуктовыя наборы Мікалаю Анціпаву, Зінаідзе Заламан, Міхаілу Матвійцу, Лізавеце Санько, Раісе Сучковай, якія пражываюць у Мар’інай Горцы, і выказалі ветэранам словы падзякі за Перамогу.
— У сувязі з неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыяй людзям старэйшага ўзросту не рэкамендуецца выходзіць на вуліцу, таму дастаўка прадуктаў на дом у гэтыя дні вельмі дарэчы, — адзначае намеснік дырэктара ДУ ТЦСАН Пухавіцкага раёна Тамара Манюхіна.
Эстафету цэнтра падхапілі пассельвыканкамы і раённы камітэт грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”. Валанцёр маладзёжнага валанцёрскага руху БРСМ “Добрае сэрца” Юлія Церабіла разам з выконваючай абавязкі першага сакратара РК БРСМ Аленай Мазанік наведалі Віктара Шэйко і Івана Мірошнікава. Віктар Нікіфаравіч, якому споўнілася 95 гадоў, быў прыемна здзіўлёны такому візіту і пажадаў моладзі заўсёды жыць пад мірным небам. 89-гадовы Іван Мірошнікаў таксама шчыра дзякаваў арганізатарам акцыі за ўвагу.
Кацярына ДАБРЫЦКАЯ.