На веснавых палетках раёна пачалася сяўба кукурузы
На веснавых палетках раёна пачалася сяўба кукурузы. Сёлета гэтай культурай земляробам Пухавіччыны неабходна засеяць 8020 гектараў. Аднымі з першых напрыканцы красавіка сеяць “каралеву палёў” пачалі ў ААТ “Аграсімвал”. Пад злакавую культуру тут адведзена 600 гектараў.
На сяўбе кукурузы задзейнічаны вопытныя механізатары. Перадпасяўную падрыхтоўку глебы праводзяць Уладзімір Савіч, Аляксандр Кікот, Генадзь Бабовік, сяўба — клопат Алега Рудага. На раніцу пятніцы Алег Генадзьевіч засеяў 170 гектараў.
— Штодзень норму сяўбы стараюся перавыконваць: гэта ж мой заробак, — гаворыць Алег Руды. — Надвор’е спрыяе працы, тэхніка не падводзіць. На полі знаходжуся з ранку да вечара. Сюды ж дастаўляюць абеды і падвячоркі.
Гэтымі днямі сейбіт працуе на палетках каля аграгарадка Гарэлец.
Пакуль кукурузу ў гаспадарцы сеюць толькі на сілас. Гэта злакавая расліна, як падкрэсліваюць спецыялісты, самы ўніверсальны корм і для дойнага статка, і для жывёлы, якая ўтрымліваецца на адкорме.
— Зараз у нас час актыўных палявых работ. Завершана сяўба яравых збожжавых, працягваем сеяць аднагадовыя травы, праводзім хімпраполку азімых культур і рапсу, — адзначае галоўны аграном Марыя Цымановіч. — Учора на дапамогу Алегу Рудаму выйшаў Георгій Фурс. Разам нашы механізатары хутчэй справяцца з планам.
Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.