Напярэдадні жніва: наколькі гатовы аграрыі да правядзення ўборачнай кампаніі
Гатоўнасць сельскагаспадарчых арганізацый раёна да правядзення ўборачнай кампаніі разгледжана ў раённым выканаўчым камітэце. Паводле інфармацыі першага намесніка старшыні райвыканкама, начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Марыі Клімовіч, у раёне неабходна ўбраць збожжавыя і зернебабовыя культуры на плошчы 32571 гектар.
Азімыя збожжавыя займаюць плошчу 19809 гектараў, яравыя збожжавыя і зернебабовыя — 12762 гектары, азімы рапс — 5945 гектараў. План паставак збожжа для дзяржаўных патрэб складае 12600 тон, у тым ліку 8600 тон пшаніцы, 3130 тон жыта, 1370 тон ячменю піваварнага. Каб атрымаць запланаваны ўраджай, захаваць збожжа на ўсіх стадыях, жніво трэба правесці ў аптымальныя тэрміны за 15 рабочых дзён. Для гэтага ў дзень трэба ўбіраць 2200 гектараў плошчы. У раёне ёсць 94 збожжаўборачныя камбайны. Усе яны будуць задзейнічаны на жніве. У сярэднім нагрузка на адзін камбайн складае 417 гектараў. З 16 сельскагаспадарчых арганізацый раёна толькі ў трох нагрузка на адзін камбайн не перавышае нарматыўную.
Для захоўвання насеннага матэрыялу і фуражнага збожжа ў сельскагаспадарчых арганізацыях ёсць 78 складоў. Праведзена іх дэзынфекцыя. Прайшла праверку і вагавая гаспадарка.
Для ўборкі саломы з палёў у гаспадарках ёсць 57 прэс-падборшчыкаў. Нагрузка на адзін прэс-падборшчык у сярэднім складзе 1539 тон, што пры аптымальных умовах дазволіць падабраць салому ў рулоны за 35 дзён.
Дапрацоўка збожжа будзе праходзіць на 25 зернесушыльных комплексах.
Для арганізацыі пажарнага суправаджэння збожжаўборачнай тэхнікі пры ўборцы збожжавых плануецца заключыць дамовы з Пухавіцкім раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях. Вядзецца работа па забеспячэнні камбайнаў і аўтатрактарнай тэхнікі першаснымі сродкамі пажаратушэння згодна з устаноўленымi нормамi. З работнікамі, занятымі на ўборцы збожжавых культур і пасляўборачнай апрацоўцы збожжа, будзе праведзены пазапланавы інструктаж па ахове працы, транспартнай і пажарнай бяспецы.
Створаны раённы штаб па ўборцы збожжавых. За сельскагаспадарчымі арганізацыямі замацаваны адказныя работнікі райвыканкама і арганізацый раёна. Для пастаяннага кантролю за ходам уборачных работ і аказання кансультацыйнай дапамогі ўпраўленнем па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама будуць створаны тэхналагічныя групы. Распрацаваны ўмовы спаборніцтва на ўборцы збожжавых і зерне-бабовых культур і ўмовы аплаты працы.
Прынята рашэнне раённага выканаўчага камітэта, згодна з якім вызначаны тэрміны прыёмкі тэхнікі, якая будзе задзейнічана на жніве, зацверджаны тэрміны яе правядзення. Кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый раёна даручана своечасова выканаць пастаўленыя задачы.
Вольга ЛУГАВАЯ.