Наш горад: Вуліца  Луначарскага  мяняе аблічча

Вуліца  Луначарскага  ў  Мар’інай Горцы зусім не цэнтральная, але адна з самых  ажыўленых,  таму што  ў  гэтым  раёне знаходзяцца цэнтральная раённая бальніца і паліклініка. 

Усім відавочна, што транспартны паток па раніцах тут асабліва інтэнсіўны.  Знайсці парковачнае месца зусім не проста, хаця каля бальніцы ёсць стаянка.  Праўда, колькасць месцаў на ёй выглядае дастатковай хіба толькі бліжэй да канца працоўнага дня, але ніяк не раней. 

Менавіта з гэтай прычыны размова пра тое, што ёсць неабходнасць правесці рэканструкцыю вуліцы з абсталяваннем дадатковых парковачных месцаў, вядзецца даўно.  У гэтым годзе райвыканкам унёс рамонт вуліцы ў план добраўпарадкавання горада Мар’іна Горка.

У канцы сакавіка на вуліцы  Луначарскага  пачаліся  запланаваныя  на  2021 год  дарожна-будаўнічыя  работы  па  бягучым  рамонце.  Іх вядуць работнікі  рамонтна-будаўнічага ўчастка і ўчастка «Добраўпарадкаванне» УП «Жыцепласэрвіс» КГ.

Работы па ўкладцы дарожнага борту вядуць рабочыя рамонтна-будаўнічага ўчастка Сяргей Самсонік, Уладзімір Вярэніч і Анатоль Канцавенка.

— На бягучы рамонт плануецца выдаткаваць каля 200 тысяч рублёў, — расказвае выконваючы абавязкі начальніка ўчастка «Добраўпарадкаванне» Юрый Мікіцін. — Падчас правядзення рамонтных работ будзе выканана абсталяванне стаянкі для аўтамабіляў, двух пунктаў прыпынку для гарадскога транспарту, укладка бартоў і ўладкаванне тратуара з  другога боку вуліцы, дзе яго раней не было.  У канцы выканаем і  частковае  асфальтаванне  вуліцы.

Алена  ШАНТЫКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *