Наш Рэпін. У мастацкай галерэі прайшла персанальная выстава нашага земляка

Барыс Рэпін.

 

Міска з яркімі настуркамі на стале, побач кошык з бульбай на табурэтцы і кудлаты сабачка з цікаўнай пысачкай, які прыбег праверыць, ці не пакінулі чаго смачнага для яго. Для тых, хто  рос ў вёсцы, альбо прыязджаў  туды ў госці да бабулі з дзядулям, добра знаёмая і мілая сэрцу карціна. А яшчэ гэта сюжэт жывапіснага палатна “Настуркі”, аўтар якога — наш зямляк Барыс Рэпін. Гэтую карціну і шэраг іншых можна было пабачыць на персанальнай  выставе, прысвечанай 80-годдзю мастака, якая праходзіла ў мастацкай галерэі раённага краязнаўчага музея. Адбылася ў галерэі і сустрэча з мастаком, на якую запрасілі  аматараў жывапісу, членаў раённай ветэранскай арганізацыі.

Усе палотны, якія ўвайшлі   ў экспазіцыю, — з фондаў краязнаўчага музея, куды  Барыс Фёдаравіч  перадаў нямала сваіх работ: партрэты, пейзажы, нацюрморты, жанравыя карціны. Іх сюжэты — і вельмі жыццёвыя, і філасофскія адначасова.

— У мастацтве кожны імкнецца ісці сваёй дарогай, пабудавать сваю прастору, вызначыць свае прыярытэты, — адзначыў  вядомы скульптар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Фінскі, які таксама прымаў удзел у мерапрыемстве.  — На Барыса Фёдаравіча менавіта я гляджу як на чалавека, які адкрыў сваю прастору ў мастац-тве. І гэта яго адрознівае ад многіх іншых мастакоў, якія працуюць на імгненны эфект, — падкрэсліў  Аляксандр Міхайлавіч.

У Барыса Рэпіна сапраўды свая прастора. У ёй — любімыя людзі, вобразы роднага краю,  роздум пра падзеі, якія закранулі яго душу.

А разнапланавых  падзей у жыцці мастака было нямала, пра што расказаў дырэктар раённага края-знаўчага музея Аляксандр Прановіч.

Барыс Рэпін нарадзіўся 1 верасня 1940 года ў Пухавічах у сям’і кадравага ваеннага.  У гады Вялікай Айчыннай вайны разам з маці і старэйшым братам знаходзіўся ў эвакуацыі. Бацька ваяваў, дайшоў да Берліна і вярнуўся дадому ў званні маёра. Праз некалькі гадоў пасля заканчэння вайны сям’я вярнулася ў Мар’іну Горку.  Барыс з дзяцінства любіў маляваць. Таму паступленне ў Мінскае мастацкае вучы-лішча было крокам прадуманым. Затым была вучоба ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце. Пасля яго заканчэння ўся працоўная дзейнасць Барыса Рэпіна была звязана з Беларускім тэлебачаннем, дзе ён працаваў мастаком-пастаноўшчыкам. Прымаў удзел у афармленні мастацкіх фільмаў “Першая дарога”, “Ад родных ніў”, тэлеспектакляў “Карані”, “На вастрыні”, “Вячоркі”, “Раскіданае гняздо” і іншых. Нашаму раённаму краязнаўчаму музею мастак дапамагаў у афармленні экспазіцыі “Якуб Колас: прырода і людзі роднага краю”. І паралельна са сваёй працай на тэлебачанні мастак займаўся станкавым жывапісам, графікай.

Творчасць Барыса Рэпіна — для тых, хто шукае простыя адказы на няпростыя пытанні, умее бачыць у нескладаных сюжэтах глыбокі філасофскі сэнс. Пажылая жанчына, якая выглядвае ў акно, чакаючы свайго сына, — гэта пра родны дом, дзе любяць, пра адносіны дзяцей і бацькоў. Мужчына перад зачыненымі дзвярамі  храма  — пра тое, што не кожнаму дадзена знайсці дарогу да Бога. Коні-прывіды каля Сожа і воблакі, падобныя на коннікаў Апакаліпсіса, — пра Чарнобыль. Ёсць над чым паразважаць.

У ходзе сустрэчы Барыс Міхайлавіч пажартаваў, што падчас вучобы  вы-кладчыкі не раз гаварылі, што складана будзе яму са сваім прозвішчам. А жыццё паказала, што не. Знайшоў мастак сваю дарогу ў творчасці. І ёсць у нас свой Рэпін.

Шэраг карцін Барыса Рэпіна знаходзіцца ў пастаяннай экспазіцыі мастацкай галерэі раённага края-знаўчага музея. І імі заўсёды можна палюбавацца.

Наталля   ПАРХОМЧЫК.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *