Наш зямляк адзначаны расійскай літаратурнай прэміяй
Гэты год знамянальны ў жыцці нашага земляка, пісьменніка Алеся Карлюкевіча (нарадзіўся ў вёсцы Зацітава Слабада Пухавіцкага раёна) яшчэ і тым, што ён адзначаны расійскай літаратурнай прэміяй “Прохараўскае поле”.
Гісторыя прэміі звязана з літаратурна-патрыятычнымі чытаннямі “Прохараўскае поле”, якія ўсталяваны ў 1999 годзе. Заснавальнікамі чытанняў, як і прэміі, з’яўляюцца Саюз пісьменнікаў Расіі, адміністрацыя Белгарадскай вобласці, Дзяржаўны ваенна-гістарычны музей-запаведнік “Прохараўскае поле”. У праекта ёсць Апякунскі савет. Усяго за два дзесяцігоддзі прэміяй адзначаны 90 пісьменнікаў, дзеячаў культуры, творчых калектываў. У 2019 годзе лаўрэатамі “Прохараўскага поля” сталі Уладзімір Конкін за мастацкае ўвасабленне літаратурных герояў на кінаэкране і кнігі “Бярлінскі блакіт” і “Да бацькі”, Пётр Талочка за кнігу “Украіна паміж Еўропай і Расіяй”, паэт Канстанцін Фралоў за кнігу лірыкі “Мы вярнуліся”, шэраг іншых расійскіх пісьменнікаў.
Алесь Карлюкевіч адзначаны прэміяй “Прохараўскае поле” за кніжны праект “Сугучча. Беларусь — Расія”. Наш зямляк прыкладвае шмат намаганняў для развіцця і пашырэння беларуска-расійскіх літаратурных сувязяў, прадстаўлення сучаснай рускай літаратуры ў Беларусі. Дзякуючы яго руплівасці ў апошнія гады ў розных выдавецтвах Рэспублікі Беларусь пабачылі свет літаратурна-мастацкія альманахі “Сугучча. Беларусь — Расія” (двойчы), “Сугучча. Беларусь — Масква”, “Сугучча. Беларусь — Санкт-Пецярбург”.
Сяргей Шычко.