Наш зямляк Міхаіл Аляксейчык — чалавек, адданы служэнню людзям.

У народзе кажуць: “Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся”. Але якое шчасце, што ў жыцці сустракаюцца людзі, жыццёвы шлях якіх дае магчымасць паспрачацца з народнай мудрасцю. Пра добрага сына, мужа, бацьку, сябра, настаўніка, грамадскага дзеяча, мецэната, нашага земляка Міхаіла Аляксейчыка можна з упэўненасцю сказаць, што згадзіўся не толькі там, дзе нарадзіўся. Мы ведаем Міхаіла Аляксейчыка як чалавека, адданага служэнню людзям. Жыхары нашага горада і раёна не па чутках знаёмы з яго добрымі справамі.

Вытокі яго дабрыні бяруць пачатак у сям’і. Яго бацька, Васіль Аляксейчык, сваё жыццё таксама прысвяціў служэнню людзям. Ён працаваў хірургам  раённай бальніцы і  вяртаў сваім пацыентам паўнавартаснае жыццё і надзею на здаровую будучыню. Ці не пра гэта марыць кожны чалавек? Гэта быў доктар, які прыходзіў на дапамогу ўсім, каму яна неабходна. А калі спатрэбілася, не раздумваючы, насуперак усім забабонам, зрабіў аперацыю і свайму сыну. Гэтым можна пацвердзіць трываласць характару, упэўненасць у выбранай справе. Былы франтавік, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, добра разумеў жыццёвае прызначэнне. Вучыў сваіх дзяцей не проста жыць і добра працаваць, а жыць і працаваць так, каб прыносіць карысць, думаць у першую чаргу не пра сябе, а пра тых, хто побач.

І дзейнасць яго сына Міхаіла — яскравы таму прыклад. Міхаіл Аляксейчык нарадзіўся і вырас у Мар’інай Горцы. З маленства галоўным арыенцірам для яго была праца. Бацькі вучылі, што яна і радасць памножыць, і бяду дапаможа адолець. Паспяхова вучыўся,  захапляўся спортам. Адслужыўшы тры гады на флоце, вярнуўся ў родны горад. Працаваў настаўнікам фізічнай культуры ў сярэдняй школе №2. Цяга да ведаў, імкненне спасцігнуць таямні­цы жыцця, светлы розум прывялі Міхаіла Аляксейчыка ў педагагічны інстытут. І хоць лёс ненадоўга быў звязаны з работай у школе, быць настаўнікам давялося на працягу ўсяго жыцця. Сёння калегі, сваякі, сябры, проста знаёмыя з упэўненасцю называюць Міхаіла Васільевіча сваім настаўнікам. Яго ідэі, праекты, справы — гэта ўзор дабрыні для ўсіх, каго нават на кароткі час зводзіць з ім лёс.

Ужо ў студэнцкія гады праявіліся ў юнака і здольнасці  арганізатара.

Пасля заканчэння інстытута, нядоўгі час папрацаваўшы ў школе, Міхаіл  апынуўся ў Віцебску. Там чакалі маладая жонка і маленькі сын. Менавіта ў Віцебску склалася кар’ера грамадскага дзеяча Міхаіла Аляксейчыка. Працаваў не проста адказна, але апантана, за што і атрымаў накіраванне ў Маскву, у Вышэйшую школу дыпламатыі. Паспяхова засвоіўшы тонкасці дыпламатычнай дзейнасці, быў прызначаны віцэ-консулам СССР у польскім горадзе Шчэцін. А калі Савецкі Саюз спыніў сваё існаванне, захацеў вярнуцца на малую радзіму ў Беларусь. Працаваў у Гандлёва-прамысловай палаце, адной з мэтаў якой з’яўляецца інтэграванне эканомікі Беларусі ў сусветную гаспадарчую сістэму. У хуткім часе быў прызначаны консулам Рэспублікі Беларусь у Польшчы. Тут жа працавала і жонка, якая ўсё сумеснае жыццё смела ідзе за сваім мужам.

Падчас  працы на пасадзе Генеральнага консула ў Гданьску і Беластоку, Міхаіл Аляксейчык адстойваў інтарэсы суайчыннікаў. Гэта былі плённыя, насычаныя падзеямі і здабыткамі гады. Ён прымаў непасрэдны ўдзел у дэлімітацыі і дэмаркацыі межаў Рэспублікі Беларусь з Літоўскай Рэспублікай і Латвійскай Рэспублікай. Шмат увагі ўдзяляў папулярызацыі беларускай мовы ў жыцці грамадства, выдаваў духоўна-асветніцкую літаратуру на беларускай мове для дзяцей і дарослых.

На працягу ўсяго жыцця праца ў Міхаіла Васільевіча была адказнай і няпростай, але заўсёды заставалася мілай сэрцу. Таму і цяпер, знаходзячыся на адпачынку, ён актыўна займаецца грамадскімі справамі. Сярод прыярытэтных задач на сёння — заканчэнне будаўніцтва храма ў гонар святой пакутніцы Таццяны ў пасёлку Мар’іна. У гэтай справе шчыра дапамагаюць жонка Таццяна, сыны Сяргей і Аляксандр.

Напярэдадні юбілею Міхаіла  Аляксейчыка хочацца пажадаць юбіляру з надзеяй глядзець у будучыню, не пераставаць шукаць новае, захоўваць аптымізм і неверагоднае ўменне ладзіць з людзьмі, адчуваць асалоду ад  працы. І вучыць усяму гэтаму людзей.

Аляксандр ДЗЕМІДЗЮК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *