Наш зямляк напісаў кнігу пра ПухОвічы

Мікалай Каханоўскі.

Пра ПухОвічы…  І не толькі… Можна даведацца з кнігі нашага земляка Мікалая Каханоўскага.

Пра гэтую кропку на карце Пухавіцкага раёна можна гаварыць, як мне цяпер здаецца, амаль бясконца. Прычын таму шмат. Перш за ўсё таму, што назва менавіта гэтага мястэчка дала назву нашаму раёну. Але ёсць і другое, і трэцяе… для грунтоўнай гутаркі аб ПухОвічах (менавіта так, кажуць, мясцовыя жыхары ставілі і ставяць націск ў назве вёскі)!

Ці ведалі вы, напрыклад, што людзі тут сяліліся яшчэ да нашай эры? Што пазней існавала нават  племя пуховічаў? Чулі, што ў 19-20 стагоддзях вёску называлі яўрэйскім мястэчкам, бо “яўрэі, мо, стагоддзі тут на гэтай вось зямлі з намі ў ладзе, у добрай  у згодзе нібы родныя жылі” (з паэмы І. Падбярэжскага “Пуховічы”) .   А побач з яўрэямі жылі татарскія перасяленцы, пра што сведчаць папулярныя ў Пуховічах прозвішчы (Асановіч азначае  “сын асана”, Ажгірэй, напрыклад, па-цюркску азначае “герой”, а Палтаржыцкі — “княжацкі татарскі род”)?..

Можаце ўявіць, што ў Пуховічах стагоддзе таму было чатыры карчмы, паромная пераправа, завод мінеральных вод, бульбяна-крухмальны завод, хлебазапасная крама, маслазавод, вадзяны млын, майстэрні, арцелі, крамы, лаўкі і знакаміты на ўсю Еўропу кірмаш,  які вядомыя пісьменнікі Ільф і Пятроў назвалі “другой Адэсай”?!

Цяжка, паверце, спыніцца ад пералічэння яшчэ большай колькасці цікавых гістарычных фактаў, што тычацца вёскі Пуховічы, пра якія я даведалася з кнігі настаўніка гісторыі Блонскай СШ і ўраджэнца Пуховіч  Мікалая Каханоўскага “Пуховічы — жамчужына ў цэнтры Беларусі”. Мне, чалавеку немясцоваму, давялося зрабіць шмат адкрыццяў пра звычайную, як здавалася, беларускую вёску, што сёння нібыта не мае ніякай асаблівай вядомасці. А між іншым, гісторыя гаворыць: так было не заўсёды…

— Калі я нарэшце прыйшоў да думкі напісаць кнігу пра родныя Пуховічы, я і думаў пра гістарычную справядлівасць: нашчадкі павінны ведаць аб тым, што жывуць у незвычайным месцы, багатым і на гістарычныя падзеі, і на сусветна вядомыя імёны, —  кажа Мікалай Каханоўскі. — І перш за ўсё — мае дзеці і ўнукі. Я хачу, каб людзі чыталі пра Пуховічы напісанае па звестках, атрыманых ад тых, хто мае непасрэднае дачыненне да вёскі, хто больш за ўсё не жадае перавярнуць гістарычныя факты. Кніга, я думаю, таму цікавая найперш самім пухавіччанам, бо менавіта іх успаміны, іх фотаздымкі ляглі ў яе аснову. Тут мае землякі знойдуць знаёмыя прозвішчы, вядомыя гісторыі і факты.

Мікалай Каханоўскі кажа, што кніга стала вынікам дваццацігадовай працы. Як настаўнік ён неаднаразова з’яўляўся кіраўніком навуковых работ сваіх вучняў, якія вывучалі гісторыю малой радзімы. Таму пастаянна збіраў усё новы і новы матэрыял пра вёску.

— Рыгор Барадулін казаў, што “радзімазнаўства — дзіўная навука. Яе адолець могуць дзівакі”. Можа, і мяне хтось палічыць дзіваком, таму што аднойчы я падумаў, што таксама хачу паспрабаваць зрабіць свой, няхай невялікі, уклад у справу вывучэння гісторыі адметных беларускіх паселішчаў, якія варты таго, каб людзі памяталі пра іх, —  гаворыць Мікалай Георгіевіч. — Пуховічы ж на самой справе — гістарычна ўнікальнае месца. Сапраўдная жамчужына ў цэнтры Беларусі. Я гэта ведаў заўсёды. А той, хто ўпершыню прачытае пра вёску, таксама пераканаецца ў гэтым.

У розных крыніцах настаўнік разам са сваімі вучнямі знаходзілі многа розных цікавых фактаў аб Пуховічах, але часам яны, па словах аўтара, былі даволі супярэчлівыя. А хацелася знайсці праўду, таму стараліся арыентавацца на дакладныя крыніцы і чэрпаць матэрыял з першых вуснаў, калі была такая магчымасць. Працавалі ў архівах, бралі звесткі з апублікаваных матэрыялаў нашага земляка і краязнаўцы (сёння міністра інфармацыі) Алеся Карлюкевіча, а таксама дырэктара краязнаўчага музея Аляксандра Прановіча. Фотаздымкі знаходзілі ў землякоў. Таму многім пухавіччанам кніга сапраўды важная як памяць пра продкаў. Да гэтага аўтар і імкнуўся.

— Як і да таго, каб мае землякі не мелі цяжкасці сказаць, калі і чаму ўзнікла паселішча Пуховічы, чаму яно так завецца, як жылі і чым займаліся продкі сённяшніх пухавіччан, хто  праславіў сваёй працай малую радзіму. Сярод апошніх — шмат знакамітых на ўвесь свет людзей. Згадайце, напрыклад, прапаведніка Іуду Леб бен-Іосіфа Пухавіцера (17-е стагоддзе), творы якога выдаваліся ў Еўропе, аднаго з арганізатараў выдавецкай справы ў Беларусі Льва Стронгіна,  мастака Барыса Рэпіна, нейрахірурга, акадэміка Акадэміі навук Беларусі  Арнольда Смеяновіча і многіх іншых таленавітых  людзей. Імі мы можам ганарыцца,— кажа Мікалай Каханоўскі.

Ацэньваючы сваю працу, аўтар піша, што “тканіна апавядання не знята з кроснаў”, бо гісторыя Пуховіч не закончана…

P.S. Кніга пра Пуховічы выйшла невялікім тыражом: прыкладна 200 экзэмпляраў, аднак яе можна знайсці сёння нават у “Акадэмкнізе” і Нацыянальнай бібліятэцы.

Алена  ІВАНОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *