Наш зямляк увайшоў у гісторыю  тэлевізійнага інтэлектуальнага шоу “На вылет”

Вячаслаў Цэхановіч і Аляксандр Найдзёнаў.

Вячаслаў  Цэхановіч, ураджэнец  аграгарадка Пухавічы, другі раз перамог у суперфінале інтэлектуальнага шоу “На вылет”, якое трансліруецца  ў вячэрнім эфіры тэлеканала  “Беларусь 1”  па нядзелях. Вядучы Аляксандр Найдзёнаў падкрэсліў, што такое ў гульні адбылося ўпершыню.

Наш земляк — пастаянны ўдзельнік шоу. Тройчы Вячаслаў даходзіў да суперфінала  — апошняга этапу гульні. Два разы станавіўся пераможцам і ўладальнікам сертыфіката  на  2000  беларускіх  рублёў.

— Я разумеў, што многія супернікі мяне ведаюць і могуць адправіць “на вылет”, таму стараўся  актыўна  даваць адказы на пытанні, — гаворыць Вячаслаў. —  У гэтай гульні многае залежыць  ад фартуны, бо ў камандзе  восем чалавек, і ўсе адначасова адказаць не могуць. На шчасце, удача прыйшла да мяне.

У суперфінале Вячаславу дасталося такое пытанне: “У жніўні 1937 года жыхары і госці Мінска, якія  сабраліся на стадыёне “Дынама”, маглі назіраць, як на высокай мачце стадыёна спачатку быў узняты чырвоны паветраны  шар. Затым праз розныя прамежкі часу адзін за другім — шэсць  зялёных.  Які прадмет сёння выконвае функцыі гэтых шарыкаў?”

Праз адведзеныя 30 секунд наш зямляк даў правільны адказ — электроннае табло.

— Дакладнага адказу я не ведаў, дапамагла інтуіцыя, — гаворыць Вячаслаў. — Мне падабаюцца гульні, дзе можна праверыць свае веды.  Нядаўна перамог у інтэлектуальнай віктарыне праграмы  “Добрай раніцы, Беларусь!”.

Вячаслаў  раіць  усім  прыняць  удзел у шоу. Перш за ўсё, ён стаў прыкладам  для  сваёй  сям’і.   Жонка  Аксана дайшла да фіналу, а  дачка  Таццяна  з першага разу перамагла ў суперфінале,  як  бацька.   Хаця,   прызнаецца дзяўчына, ішла на шоу дзеля сэлфі ў студыі.

У  чым  сакрэт  такога  поспеху?   Вячаслаў дае простую параду: быць цікаўным і больш чытаць. Мужчына і цяпер удзячны былым  настаўнікам Пухавіцкай сярэдняй школы Любові Цэхановіч,  Але Ралькевіч, Васілю Лапко, якія прывілі цікавасць да гісторыі і мовы (Вячаслаў у  паўсядзённым жыцці карыстаецца беларускай мовай). Яго мэта на бліжэйшы час — прыняць удзел у праграме “Што? Дзе? Калі?” і перамагчы.

Кацярына  ВЕРНІКОЎСКАЯ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *