Наш зямляк выдаў зборнік  прозы “Зазірнуць за небасхіл”

Станіслаў Крэпскі нарадзіўся ў 1949 годзе ў вёсцы Раўчак Пухавіцкага раёна. Скончыў  Пухавіцкую сярэднюю школу ў 1966 годзе і філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. 

Служыў ва Узброеных Сілах СССР. Дарэчы, у вайсковым злучэнні, якое дыслацыравалася ў Мар’інай Горцы. Затым доўгія гады — ва ўнутраных войсках Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Выйшаў у запас у званні падпалкоўніка ўнутраных войскаў. У час службы ўдзельнічаў у ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Займаецца грамадскай работай — з’яўляецца намеснікам кіраўніка асацыяцыі праваахоўных органаў “Шчыт Чарнобыля”.

Літаратурнай творчасцю Станіслаў Крэпскі займаецца з 2002 года. Выдаў кнігі вершаў і прозы “Дзедавы калыханкі”, “Кросны жыцця”, “Маня-Марыя”.

Новая кніга ўраджэнца вёскі Раўчак — зборнік  прозы “Зазірнуць за небасхіл”.   Адкрывае зборнік  аднайменная вандроўная аповесць, поўная розных гісторый,  этнаграфічных і радзімазнаўчых дэталяў.

Другую частку кнігі складаюць казкі. Раздзел называецца “Казкі і павучальныя гісторыі”. “Чалавек і час”, “Я твой сябра навекі”, “Смелы Казя”, “Сквапны кароль” — творы, дзе багата выдумкі, фантазіі ды прыгожых моўных фарбаў. Відавочна, што аўтар трывала трымае ў памяці вясковы побыт Раўчака, тыя паданні, легенды, што чуў ад родных і блізкіх людзей старэйшых пакаленняў.

Дарэчы, літаратурнай творчасцю займаецца і ўнучка Станіслава Крэпскага: у 2018 годзе ў выдавецтве “Белпрынт” выйшла досыць грунтоўная краязнаўчая кніга Арыны Клімовіч “Тапонімы роднага краю”.

Алесь  КАРЛЮКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *