Настаўнік фізічнага выхавання Рудзенскай дапаможнай школы-інтэрната ўзнагароджаны Ганаровай граматай Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Калі настаўнік фізічнага выхавання Рудзенскай дапаможнай школы—інтэрната для дзяцей—сірот Дзяніс Шакура выбіраў участак для будаўніцтва ўласнага дома, вуліца яшчэ не мела назвы. А потым стала Стадыённай.
— Згадзіцеся, назва якраз падыходзіць для чалавека маёй прафесіі, — жартуе кожны раз, гаворачы пра гэта, Дзяніс Мікалаевіч.
Прафесію педагога, дарэчы, Дзяніс Шакура абраў не адразу. Да арміі атрымаў сярэднюю спецыяльную медыцынскую адукацыю і марыў стаць урачом. Але пасля вырашыў паспрабаваць сябе ў якасці педагога. Паступіў ва ўніверсітэт фізічнай культуры на завочнае аддзяленне і прыйшоў працаваць у Рудзенскую школу-інтэрнат. З таго дня прайшло больш за 20 гадоў, і настаўнік упэўнены, што ўсё зрабіў правільна. Менавіта тут ён знайшоў сваё прызванне і любімую работу, за вынікі якой напярэдадні Дня настаўніка Дзяніс Шакура ўзнагароджаны Ганаровай граматай Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Высокую ўзнагароду наш зямляк атрымаў у ліку трох педагогаў Мінскай вобласці на сцэне Палаца Рэспублікі.
— Я ведаў, калі выбіраў месца працы, што гэта не зусім звычайная ўстанова адукацыі, і працаваць я буду з дзецьмі, якія маюць псіхафізічныя асаблівасці, — кажа Дзяніс Мікалаевіч. — Але адчуваў упэўненасць, што я спраўлюся. Тым больш, за плячыма былі базавыя медыцынскія веды. Так і атрымалася. Увесь гэты час я з задавальненнем штодня працую з дзецьмі, імкнучыся ўмацаваць іх здароўе і прывіць любоў да спорту і фізкультуры.
Кантакт з дзецьмі малады педагог знайшоў лёгка. Гэта і не дзіўна, бо настаўнік разам з вучнямі ганяў па футбольным полі мячык, адціскаўся, падцягваўся, гуляў у баскетбол, дэманструючы, да чаго хлопцам і дзяўчынкам варта імкнуцца.
З часам спартыўныя інтарэсы дзяцей выйшлі за межы ўрокаў. Былі створаны спартыўныя секцыі. Школьнікі сталі больш актыўна займацца плаваннем і футболам.
— І вынікі выступленняў на спецыяльных рэспубліканскіх спаборніцтвах неўзабаве пачалі нас радаваць, — расказвае Дзяніс Шакура. — Мы неаднаразова станавіліся чэмпіёнамі рэспублікі. Таму з часам задумаліся: а што далей?..
А далей вырашалася пытанне аб удзеле рудзенскіх школьнікаў у міжнародных стартах для выхаванцаў спецыялізаваных устаноў. Гэта было няпроста, але згоду нашы землякі атрымалі. І ў 2007 годзе каманда школы-інтэрната па плаванні паляцела ў Кітай на спецыяльныя міжнародныя летнія алімпійскія гульні.
— Гэта быў незабыўны візіт, — успамінае Дзяніс Шакура дні ў Шанхаі. — Кітай у 2007 годзе рыхтаваўся да правядзення Алімпіяды, таму на такіх гульнях праходзіла свайго роду рэпетыцыя. Арганізацыя была на вышэйшым узроўні. Дзеці ўбачылі іншую краіну, пазнаёміліся со сваімі аднагодкамі з усяго свету. Але галоўнае: мы вярнуліся з узнагародамі. Два залатыя медалі, тры сярэбраныя і адзін бронзавы прывезлі нашы школьнікі на Пухавіччыну. Я ганарыўся дзецьмі і іх поспехамі.
Гэта выступленне стала матывацыяй для яшчэ больш сур’ёзных заняткаў спортам. Тым больш, што ў школе створаны проста цудоўныя ўмовы для гэтага: ёсць спартыўная і трэнажорная залы, стадыён, басейн.
— Для дзяцей з асаблівасцямі развіцця заняткі фізкультурай і спортам найбольш даступныя і карысныя, — кажа Дзяніс Мікалаевіч. — Таму школьнікі любяць і плаваць, і гуляць у рухомыя гульні. Нядаўна асвоілі гульню бачэ і атрымалі на чарговых спецыяльных алімпійскіх гульнях у Абу-Дабі (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты) залатыя і сярэбраныя медалі ў гэтай дысцыпліне. Золата на гэтых сёлетніх міжнародных стартах узяла ў плаванні Настасся Дубік, а жаночая футбольная каманда стала другой. Дарэчы, гэты год для рудзенцаў быў вельмі насычаным: акрамя стартаў у Абу-Дабі, дзеці выступалі на спартыўных спаборніцтвах у Люксембургу і Санкт-Пецярбургу. Заўсёды вярталіся з перамогамі.
Такім чынам, медальная скарбонка рудзенскіх школьнікаў пастаянна папаўняецца. Дзеці любяць перамагаць, але не менш яны любяць проста выязджаць за межы дома-інтэрната, дзе праходзіць усё іх жыццё. Спорт для іх — свайго роду акно ў свет. І адкрыта яно было дзякуючы сапраўды апантанаму ў сваёй прафесіі чалавеку — настаўніку Дзянісу Шакуру.
Алена ШАНТЫКА.