Наталля  КРУКОЎСКАЯ: «Дзеці павінны трымацца сваіх каранёў…»

У гэтым пераканана настаўніца Дукорскага НПК дзіцячы сад-сярэдняя школа.

2 кастрычніка ў Беларусі адзначаюць прафесійнае свята людзі адной з самых важных і заўсёды запатрабаваных прафесій — настаўнікі. З гэтай нагоды я наведала Дукорскі НПК дзіцячы сад-сярэдняя школа, дзе, дарэчы, у гэтым годзе самае вялікае “папаўненне”: да працы прыступіла пяць маладых спецыялістаў.

Наталля і Сяргей Крукоўскія.

Як вы думаеце, якую прафесію выбрала для сябе дзяўчынка, якая скончыла школу са срэбным медалём і адзінай чацвёркай (пяцібальная сістэма) па беларускай мове ў атэстаце? Не здзіўляйцеся, але вы-брала яна прафесію настаўніка беларускай мовы і літаратуры. Гэта быў і нейкім чынам выклік самой сабе, і жаданне ўдасканаліць атрыманыя веды, і даніна павагі і любові да роднай мовы. А яшчэ давер свайму настаўніку з Пухавіцкай СШ  Але Васільеўне Ралькевіч, якая сказала сваёй выпускніцы: “Ідзі, дзяўчынка, у педагагічны ўніверсітэт, бо менавіта там тваё будучае”.

— Я і сама з малодшых класаў  марыла пра тое, што буду вучыць дзетак, —  кажа  настаўніца Дукорскага НПК дзіцячы сад-СШ Наталля Крукоўская. — Ды і мае бацькі заўсёды казалі, што настаўнік  —  тая  прафесія, якая  па-трэбна ва ўсе часы і ў горадзе, і на вёсцы. Такім чынам неяк усё і сышлося, каб я стала студэнткай універсітэта імя Максіма Танка. Праўда, імя беларускага пісьменніка ўніверсітэт атрымаў ужо тады, калі я вучылася. У 90-я  гады цікавасць да роднай мовы была, я б сказала, на ўздыме, і матывацыя да вывучэння мовы, яе  запатрабаванасць грамадствам  раслі.  Вучыцца было вельмі цікава.

Першыя  настаўніцкія крокі   Наталля Крукоўская  зрабіла на Гродзеншчыне ў звычайнай сельскай школе. На той момант маладая настаўніца ўжо была жонкай і мамай. Муж працаваў у калгасе механізатарам. І заўсёды быў адным з лепшых работнікаў гаспадаркі, што выклікала і выклікае сёння павагу ў Наталлі  Канстанцінаўны і яе сыноў, для якіх бацька – прыклад у стаўленні да працы.

— У 2006 годзе мы пераехалі на маю малую  радзіму, — расказвае Наталля Канстанцінаўна. — Вёска, дзе мы жылі  на  Гродзеншчыне, на жаль, трапіла ў разрад неперспектыўных. Сёння там ужо і  школы  няма. Таму прыйшлося пачынаць усё на новым месцы. І новым месцам жыхарства для нас на Пухавіччыне стала Дукора. Мужа адразу ўзялі ў сельгаспрадпрыемства. Думаю, што ні дня аб гэтым не пашкадавалі, бо і тут ён заўсёды першы на жніве. А я ўладкавалася ў школу. Тут і працую, выкладаючы родную мову.

Прафесію сваю настаўніца  любіць  настолькі,  што  ні разу не дазволіла сабе і задумацца аб  нечым  іншым.  Нават   адміністрацыйную работу разглядаць адмаўляецца, бо жывая праца з вучнямі — тое, што прыносіць задавальненне і дае сілы ісці далей.

Наталля Канстанцінаўна не абмяжоўваецца тым, што выкладае школьную праграму на ўроках. Яна вядзе навукова-даследчую работу з вучнямі, арганізуе штогод мерапрыемствы на народныя беларускія святы. Тут даўно стала традыцыяй шанаваць сваё, беларускае.

— Купалле, Масленіца, Каляды, Дзяды, Вялікдзень… У гэтыя святы мы заўсёды разам, — расказвае настаўніца. — Вывучаем і  аднаўляем тое, што рабілі ў гэтыя святы нашы продкі. На Каляды калядую разам з вучнямі, да  Вялікадня рыхтуемся разам з нашым святаром айцом Андрэем. Дзеці павінны  ведаць і  помніць свае  карані. У гэтым я пераканана.

Менавіта па прычыне ўпэўненасці ў гэтым і тэмы для навукова-даследчых работ настаўніца выбірае з прывязкай да мясцовага матэрыялу. Таму вывучалі з дзецьмі паходжанне дукорскіх прозвішчаў,  не раз ставілі  п’есу земляка, беларускага драматурга і настаўніка Васіля Гарбацэвіча “Вяселле”, напісаную на аснове беларускага вясельнага абраду. Даследчая работа па п’есе, дарэчы, у мінулым годзе была адзначана дыпломам ІІ ступені на НПК  у  Нацыянальным  музеі  Беларусі.

— Дзецям усё лягчэй успрымаецца на мясцовым матэрыяле,— кажа Наталля Канстанцінаўна. — І я гэта выкарыстоўваю ў сваёй рабоце. Спадзяюся, што зярнятка любові да роднай мовы  знойдзе сабе месца ў сэрцах маіх вучняў, хаця большасць з іх размаўляе ў паўсядзённым жыцці на рускай мове. Такі сёння асяродак. Але, я думаю, трапіўшы ў другія абставіны, дзеці свабодна будуць размаўляць і па-беларуску.

За пацверджаннем гэтых слоў  нават далёка ісці не спатрэбілася, бо да нашай гутаркі, якую мы вялі на роднай мове, далучыўся настаўнік фізікі, малады спецыяліст і разам з тым сын Наталлі Канстанцінаўны  —  Сяргей   Мікалаевіч.  Ён  з  лёгкасцю перайшоў на беларускую мову, каб расказаць пра свае першыя крокі ў прафесію.

— Думаю, яшчэ рана загадваць, як складзецца маё жыццё далей. Пакуль мне падабаецца тое, што я раблю, — гаворыць адзіны ў школе мужчына-педагог. — Вельмі хочацца даць як мага больш карысных ведаў сваім вучням і пабачыць вынік сваёй працы. А даць мне ёсць што, бо, лічу, я атрымаў даволі трывалыя веды па прадмеце і ў абласным ліцэі, які я скончыў, і ва ўніверсітэце.

Вынік, праўда, Сяргей Крукоўскі прама зараз пабачыць не зможа, бо прыйшоў час служыць у арміі. Гэта абавязак, які трэба выканаць, лічыць малады чалавек, і ў бліжэйшы час рыхтуецца да перамен у сваім жыцці.

А яно, дарэчы, ужо некалькі   гадоў запар не абмяжоўвалася вучобай ва ўніверсітэце. Як і старэйшы брат Андрэй, Сяргей улетку далучаўся да свайго бацькі, Мікалая Міхайлавіча Крукоўскага, і прымаў удзел у жніве. Экіпаж Крукоўскіх амаль заўсёды ўзначальваў спіс перадавікоў раённага спаборніцтва. У гэтым годзе бацька і сын намалацілі  2230 тон зерня і прама ў полі прымалі падзяку  за  працу ад  міністра  сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі.

— Ведаеце, я ганаруся і сваім мужам, і сваімі дзецьмі, якім ён пастараўся перадаць павагу да любой працы, адказнасць за яе, імкненне быць паспяховым у тым, за што бярэшся, — кажа Наталля Канстанцінаўна.

А я думаю, што гэта — агульная заслуга бацькоў: хлопцы з дзяцінства засвоілі правілы, як трэба ставіцца да працы. Бацькі, адданыя аднойчы выбранай прафесіі, сталі добрымі настаўнікамі і  прыкладам у гэтым…

Алена  ШАНТЫКА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *