Навучэнцы каледжа дружна папрацавалі на добраўпарадкаванні мемарыяла ў Баруслава

75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Вялікай Айчыннай вайне для ўсіх нашых землякоў — асаблівая дата.  На беларускай зямлі здзейснена столькі подзвігаў і праліта столькі крыві! Таму зусім не дзіўна, што нягледзячы на  дзесяцігоддзі, што мінулі пасля 1944 года, памяць пра Вялікую Айчынную вайну  жыве ў сэрцах нашчадкаў ветэранаў.

 Гэтаму спрыяе вялікая патрыятычная работа, якая праводзіцца са школьнікамі і студэнтамі.  Напярэдадні такой важнай для нас даты гэтая работа вядзецца асабліва актыўна.

— Да 75-годдзя з дня вызвалення Беларусі запланаваны акцыі, накіраваныя на добраўпарадкаванне і аднаўленне знакавых і малавядомых мемарыялаў, помнікаў і абеліскаў вайсковай славы і месцаў пахавання байцоў Чырвонай Арміі, — кажа кіраўнік ваенна-патрыятычнага аб’яднання «Памяць» Мар’інагорскага аграрна-тэхнічнага каледжа Аляксандр Няхай. — У сувязі з гэтым мы вырашылі правесці сумеснае з раённай арганізацыяй ГА «БРСМ» мерапрыемства па добраўпарадкаванні месца пахавання ва ўрочышчы Баруслава.  Спонсарам нашага паходу выступіў студэнцкі прафсаюз.

Мемарыял ва ўрочышчы Баруслава быў абраны не выпадкова.  Ён з’яўляецца адным з найбуйнейшых партызанскіх пахаванняў не толькі ў раёне, але і ў Беларусі.  Тут у брацкай магіле пахавана 350 партызан і мірных жыхароў.

Дарога да Баруслава няпростая.  Але група навучэнцаў каледжа пераадолела гэты шлях пешшу.

— Па дарозе мы гаварылі пра тыя па-дзеі, якія разгарнуліся тут у гады вайны, — расказвае спецыяліст раённай арганізацыі ГА «БРСМ» Святлана Зубарэвіч. — І, здавалася, адчувалі, як тут,  акружаныя фашыстамі, змагаліся партызаны і мірныя жыхары.  Лес нібы захоўвае ў сабе памяць пра гэта…

Навучэнцы каледжа дружна папрацавалі на добраўпарадкаванні партызанскага пахавання.  Магілы былі ачышчаны ад  сухой лістоты, пафарбаваны агароджы і бардзюры.

Дзень для ўсіх выдаўся вельмі насычаным.  І ён быў напоўнены незабыўным адчуваннем адзінства пакаленняў.

Алена ШАНТЫКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *