«Ніякія заморскія дзядзькі і цёткі  ніякім чынам  не дапамогуць нам,  беларусам» — нататкі неабыякавага чалавека

Я ўжо даўно ўсвядоміў, што не можа быць іншага сапраўднага заканадаўцы, чым сам народ.  Варта, канешне,  не толькі хваліцца, што ты выйшаў з народа, але трэба па-сапраўднаму заставацца з гэтым народам да апошніх дзён жыцця.  Многія з нас нярэдка папракаюць дзяржаву, што яна нам абавязана. А што ты сам асабіста зрабіў карыснага і важнага для гэтай дзяржавы, для тых, хто з табой побач?! Нам, грамадзянам,  нельга забываць, што мы не толькі маем правы, гарантаваныя  Канстытуцыяй, але таксама і абавязкі. Служыць у арміі, добра вучыцца, эфектыўна працаваць, мы чамусьці забываем, а вось патрабаваць штодзённа  хлеб з  маслам на талерачцы — кагосьці і вучыць не трэба…

Мяне як грамадзяніна Рэспублікі Беларусь  надзвычай хвалюе падрыхтоўка ў краіне да такой значнай грамадскай падзеі, як VI Усебеларускі народны сход.   Добра, што рашэнні  такіх з’ездаў могуць стаць канстытуцыйнымі,  што само палажэнне пра дзейнасць  народных сходаў плануецца ўнесці ў  новую Канстытуцыю.

Радуе, што  амаль ва ўсіх гарадах, пасёлках і вёсачках Беларусі  актыўна працуюць дыялогавыя пляцоўкі, грамадскія прыёмныя, дзе суайчыннікі выказваюць сваю пазіцыю, уносяць прапановы  наконт далейшага сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, удасканалення  палітычнай сістэмы. Безумоўна, кожны з нас хоча, каб яго пачулі, каб яго голас быў улічаны.

Зразумела, што ніякія заморскія дзядзькі і цёткі  ніякім чынам  не дапамогуць нам,  беларусам. Яны могуць толькі зрабіць горш:  разваліць  Беларусь, пазбавіць яе суверэнітэту. Таму наша будучыня — толькі ў нашых руках. Як сёння абмяркуем нашы заўтрашнія крокі — так і жыць будзем у будучыні.  Каштоўна, што ўсенародныя думкі і меркаванні з месцаў, з рэгіёнаў будуць вынесены на абмеркаванне народнага сходу.  Добра, што на форуме будуць прадстаўлены многія працоўныя калектывы,   палітычныя партыі, грамадскія аб’яднанні, людзі розных  узростаў і прафесій.

У нашай  краіне  менавіта народ — адзіная крыніца дзяржаўнай улады  і  носьбіт   суверэнітэту. І я  не згодны з  апанентамі, з прадстаўнікамі апазіцыі,  што народны  сход —  нейкі атрыбут  аўтарытарызму, а то і наогул праява папулізму.  Сход у  Беларусі —  кансультатыўна-нарадавы орган, які з’яўляецца сапраўдным  эталонам права ў сучасным свеце, красамоўнай формай  дэмакратыі.

У  ХХІ  стагоддзі  ўлада павінна актыўна супрацоўнічаць з народам, кансультавацца з грамадзянамі па праблемах жыцця, асабліва спрэчных і складаных. І лепшыя прадстаўнікі ад народа, не прэтэндуючы на атрыманне высокай улады, на месцах, у сваіх калектывах гатовы на яе  штодзённа ўплываць. Дзяржаўная палітыка —  наогул з’ява надзвычай сур’ёзная, скрупулёзная, і ніякай блытаніны, спешкі, рашэнняў  перакаці-поле тут не павінна быць!

Успамінаю, што некаторыя грамадзяне і да Першага Усебеларускага сходу ставіліся песімістычна, нават негатыўна. Час паказаў, як яны памыляліся. Сход стаў лёсавырашальным для краіны: кардынальна  змяніўся палітычны ландшафт, значна ўзрасла ўпэўненасць народа ў заўтрашнім дні. Пачалося актыўнае будаўніцтва суверэннай Беларусі. І сам далейшы росквіт дзяржавы залежыць ад творчай працы кожнага з нас. І нават калі ты сёння яшчэ студэнт і дрэнна вучышся, заўтра ты не зможаш якасна дапамагчы сваёй краіне.

Новы сход, упэўнены,  дасць эстафету новым гістарычным, жыццёвым, нават бытавым здзяйсненням. Як добрая  кніга, разгорне найбольш важныя, стрыжнявыя, балявыя праблемы. Гэта будзе яшчэ адна яскравая старонка сучаснасці і будучыні беларускага народа, нашай Бацькаўшчыны.

Канстанцін  Карнялюк.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *