Па цікавых месцах раёна можна самастойна праехаць ў суправаджэнні аўдыёгіда

Юрый Важнік і супрацоўнік раённага музея Юлія Гулецкая.

Сонечны дзень. Белыя пухнатыя аблокі на ўсё неба. І дарога, якая  ідзе ўздоўж ракі  Цітаўка.   Раскінуліся  па яе берагах мясціны са сваёй гісторыяй: населеныя пункты, храмы, могілкі і дарогі…  Нешта з гэтага існуе ўжо стагоддзі, ад нечага засталіся толькі ўспаміны. Падарожжа па гэтых мясцінах — вандроўка па прасторы і часе, падчас якой  паступова  разумееш, што ўсе падзеі розных  эпох  на  гэтым шляху не местачковыя: яны  састаўная  і  лагічная частка таго, што  адбывалася  ў  сусветнай эканоміцы, ідэалогіі, палітыцы. А яшчэ гэта гісторыя пра пачатак і канец, пра жыццё і смерць. Як у вершах Юзафа Бакі.

Імя гэтага іезуіцкага святара, аўтара незвычайных барочных вершаў, стварыўшага іезуіцкую місію ў Блоні і  пабудаваўшага там  касцёл, вярнуў пухавіцкай гісторыі некалькі гадоў таму наш зямляк, старшыня праўлення Беларускай асацыяцыі экспертаў і сюрвеераў на транспарце, дырэктар СУП “БАЭС-сэрвіс” Юрый Важнік, які напісаў кнігу “Юзаф Бака. Геній майго месца”. Наступным крокам стала стварэнне турыстычнага маршруту па мясцінах вакол Блоні: і тых, што напрамую звязаны з іменем паэта, і тых, што могуць быць відавочнай ілюстрацыяй да яго вершаў.  Юрый Пятровіч  і яго каманда нацыянальнага  праекта “Геній майго месца” злучылі ўсё гэта ў адзінае цэлае. А каб пабачыць, як усё гэта працуе, Юрый Пятровіч прапанаваў мне разам з ім пратэсціраваць новы  для нашага раёна турыстычны маршрут. Мы праехалі з ім па шляху Бакавым. Адразу скажу, што атрымалася вельмі цікава і  нязвыкла.

Такі падыход да арганізацыі турыстычнага адпачынку я  сустрэла ўпершыню. Па маршруце можна падарожнічаць і ў  суправаджэнні  спецыяліста, і  самастойна: на аўтамабілі ці  веласіпедзе.  І  тады    памочнікам  становіцца…  аўдыёгід.

Каманда праекта “Геній майго месца” ўсё разлічыла: па  маршруце  падарожнікаў вядзе навігатар, а трэкі аўдыёгіда ўключаюцца менавіта тады, калі  пад’язджаюць да месца, дзе патрэбна зрабіць прыпынак.

Паміж прыпынкамі — музыка. На  гэтым маршруце гучаць  рокавыя і свінгавыя кампазіцыі на прысвечаныя  Юзафу Баку вершы і на словы самога паэта: ён  жыў у XVIII  стагоддзі, а на музыку яго вершы паклалі сучасныя польскія музыканты.

Новымі былі і некаторыя пачуцці падчас  падарожжа: хацелася  не  проста  адпачываць  і  любавацца  наваколлем, а яшчэ  ўлавіць сэнс  усяго  таго, што бачыш і што чуеш, не столькі   зразумець, колькі адчуць сувязь паміж тым, што было, і тым, што ёсць.

Юрый  Пятровіч  распрацоўвае канцэпцыю сэнсавага турызму.

Выехалі мы з Мар’інай Горкі і адразу накіраваліся ў раённы краязнаўчы музей у Блоні, бо менавіта ў  гэтым населеным   пункце  знаходзілася місія  Бакі.  Што здзівіла:  у музейных залах з падачы Юрыя Пятровіча і яго каманды  адбываюцца цікавыя змены. Разам  з  супрацоўнікамі музея яны імкнуцца  зрабіць так, каб яго наведванне стала лагічнай часткай падарожжа па шляху Бакавым. Мэта — здзівіць і захапіць  падарожнікаў, каб яны не проста на некалькі хвілін заглянулі ў былы сядзібны дом, а засталіся тут на значны час.

Змена першая: у фае музея з падачы каманды нацыянальнага  праекта “Геній майго месца”  з’явіліся шчыты з гербамі ўсіх уладальнікаў блонскай сядзібы. І адразу стала відавочна, наколькі назад у мінулае адкрылася гісторыя сядзібы Блонь. Раней усе экскурсіі пачыналіся з Бонч-Асмалоўскіх. Але да іх сядзібай валодалі Масальскія, Бака, Путкамер, Асоўскія. Цікава, што ўсе ўладальнікі Блоні былі натурамі апантанымі, а некаторыя з іх  нават бунтарскімі.

Вялікія перамены ў літаратурнай зале. Там  ёсць бакавы выхад, які плануецца адкрыць для  наведвальнікаў. За ім пакой з бібліятэкай, дзе сабраны кнігі савецкай эпохі,  лесвіца на другі паверх. Рарытэтную бібліятэку плануецца прывесці ў парадак. Прычым Бака да яе? Напамін пра савецкі час — адно з падцверджанняў думак паэта, выказанае ў вершах з цыкла “Увага смерці няўхільнай”. Усё мае свой канец, бо смерць “аніразу адказу не знойдзе, як зойдзе”. Вось і савецкая эпоха адышла ў небыццё.

У літаратурным пакоі музея падрыхтавана месца, дзе размесціцца экспазіцыя, прысвечаная Юзафу Баку. І яшчэ там вызвалілі ад шчытоў вялікае вакно,  і гэта адразу зрабіла пакой атма-сферным. Цяпер  можна любавацца цудоўным відам на Цітаўку і парк каля яе: сядзібны дом стаіць  на  самым беразе ракі.  Старыя дрэвы, журчанне рачной вады і жывая крынічка… Юрый Пятровіч прапанаваў прайсціся па сцежцы шпацыровай, якая пралягае па парку ўздоўж ракі. Была яна тут і ў часы Бакавы. Гулялі па ёй і іншыя ўладальнікі сядзібы. Мы дайшлі да месца, дзе некалі  працаваў вадзяны млын.  Ёсць думкі нейкім чынам “ажывіць” яго: альбо рэальна, альбо віртуальна.

У каманды праекта “Геній майго месца” шмат розных  ідэй  наконт блонскай  сядзібы.  Напрыклад, “пасяліць” у ёй  прывіды — турыстам адназначна   будзе цікава.  Тэхналогію гэтай справы ўжо прадумалі. А ў бліжэйшай перспектыве адкрыць пры музеі сувенірную лаўку. Ужо распрацаваны паштоўкі, прысвечанныя Блоні, Мар’інай Горцы, якія можна набыць на памяць.  Дробязь, але яе нам таксама не хапала. Хаця ў справе развіцця турызму дробязяў не бывае.

З Блоні мы паехалі ў былы маёнтак Фрыбесава. Зараз там проста поле. Але аўдыёгід пра гэтае месца расказаў некалькі цікавых фактаў. І яшчэ правёў паралелі: Фрыбесава і знакамітае ў свеце прозвішча Форбс. Іх знайшоў Юрый Пятровіч.

Недалёка ад Фрыбесава  яшчэ адно атмасфернае месца, куды варта заглянуць: былы прафілакторый. Зараз гэта жывапісныя разваліны і таксама ілюстрацыя да вершаў Бакі: самі  пабудавалі, самі разламалі.

Наступная кропка  —  сутока рэк  Свіслач і Цітаўка каля Пухавіч. Успамінаем, што ўсе мястэчкі на тэрыторыі раёна пабудаваны каля рэк. У старажытнасці гэта было важна. Рака —   шлях жыцця. А каля Пухавіч, дзе Цітаўка ўпадае ў Свіслач, гэта адзінае ў раёне зручнае перакрыжаванне водных шляхоў. Месца прыгожае. Глядзіш на ваду —  а думкі пра сэнс жыцця, у якім “усё цячэ, усё мяняецца”, і даволі часта не па волі самога  чалавека.

Працяг разважанняў — далей,  на яўрэйскіх могілках. На іх захаваліся некалькі камянёў з надпісамі. Як напісана ў даведніку, які распрацаваны спецыяльна  да турыстычнага маршруту, ляжыць сабе вось такі камень,  і яму няма справы да таго, што ніхто  надпіс на ім не разумее. Настане час, і прыйдзе той, каму патрэбна — разбярэцца.

Адсюль шлях вядзе ў цэнтр мястэчка Пухавічы. Уключаем фантазію і пераносімся ў тыя стагоддзі, калі было   тут  тры  сінагогі,  царква, шмат млыноў, паўсотні крамаў, чатыры кірмашы   ў  год. У  1569   годзе ў Пухавічах з’явіліся яўрэі. І з таго часу і  да халакосту —  гэта яўрэйскае  мястэчка. А далей, як у Бакі: “У завеце дрэнна ў свеце,  жыццё —  война беспакойна…,  на  канец  — смерць  ганец”.   Смерць  не толькі   да  канкрэтных   лю-дзей, але і да цэлай эпохі ў гісторыі Пухавіч, Мар’інай Горкі прыйшла 28 верасня 1941 года.  А баль свой правіла на Паповай  Горцы, дзе ў той дзень гітлераўцы расстралялі больш за 1200 чалавек яўрэйскай нацыянальнасці: рэалізоўвалі сваю глабальную ідэю па знішчэнні цэлага народа.  Наведванне ўрочышча таксама ў плане падарожжа. І калі мы падняліся туды,  Юрый   Пятровіч  папрасіў перш за ўсё звярнуць увагу, наколькі гэта прыгожае месца: з аднаго боку  прыцягальная панарама Пухавіч, з  другога  —  Блоні, і да гэтага ўсяго абазначанае высокімі дрэвамі  русла Цітаўкі. І пытанне: навошта было забойцам для сваіх нечалавечых спраў выбіраць такое прыгожае месца? Што гэта за жудасная  эстэтыка?.. Без  адказу.

А далей шлях ляжыць  да надзеі, якую дае вера,  — да царквы Святой Жываначальнай Троіцы ў Блоні. Стаіць яна на пагорку, заўсёды асвечаная сонцам. Вельмі прыгожая і вельмі незвычайная для праваслаўных храмаў Беларусі.  І адзіная на тэрыторыі раёна, якая перажыла ўсе беды ХХ стагоддзя.

Ад царквы —  да касцёла,  дакладней,  да  месца, дзе яго ў 1752 годзе заснаваў Юзаф Бака. Зараз гэта тэрыторыя сучаснай Блонскай сярэдняй школы. Але і сёння можна заўважыць частку насыпу, дзе былі падмуркі  касцёла. У гэтым месцы аўдыёгід накіроўвае да вельмі мудрагелістых разважанняў: што карысней для чалавека —  храм альбо школа? Адказ можа быць толькі асабіста твой, агульнага, які б прынялі ўсе, няма і не можа быць. Ад месца, дзе стаяў касцёл, шлях ляжыць  на Блонскія могілкі. Юрый Пятровіч і члены яго каманды тут знайшлі пахаванні, у якіх упакоіліся равеснікі Юзафа Бакі, яго парафіяне і сведкі яго дзейнасці. Да нашых дзён  тут захаваліся камяні, на якія нанесены прозвішчы мясцовых  землеўладальнікаў: Янішэўскія, Катовічы, Доўнары. Могілкі — гэта як машына часу,  якая  дазваляе  перанесціся праз стагоддзі. Тут рэальная гісторыя.

Падчас гэтага падарожжа добра знаёмыя мясціны  ўспрымаліся як нешта экзатычнае. Ніколі не думала, што  вандроўка па нашым раёне можа быць не толькі цікавай, але і…  “тэхналагічнай”.

І галоўнае: адправіцца ў такое падарожжа  можна самастойна з сям’ёй ці самымі блізкімі сябрамі. У час каронавіруса гэта важна. Як гэта зрабіць, можна  даведацца на сайце праекта  “Геній   майго  месца” ggm.by, дзе,  дарэчы,  змешчана  падрабязная інфармацыя і аб  гэтым, і аб іншых цікавых  турыстычных  маршрутах  па  Пухавіччыне. Аўдыёгід вам у дапамогу!

Наталля ПАРХОМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *