Пабачыла свет кніга паэзіі, прысвечаная 100-годдзю БССР

У серыі “100 вершаў” выдавецтва “Мастацкая літаратура” пабачыла свет кніга паэзіі, прысвечаная 100-годдзю Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Укладальнік Віктар Шніп пастараўся да кожнага года знайсці адзін верш, які б ілюстраваў час і літаратуру,  уяўляў сабою эмацыянальны мастацкі дакумент. У зборнік вершаў пра Беларусь “Святло Айчыны” сабраны творы лепшых  паэтаў  стагоддзя   перамен:  ад Міхася Чарота да Міколы Мятліцкага.

Што пісаў у 1919 годзе “чырванакрылы вяшчун”, аўтар паэм “Ленін”, “Босыя на вогнішчы”, “Беларусь лапцюжная”, “Карчма” (паэма прысвечана Янку Купалу) Міхась Чарот у вершы “Звон”?.. “Кінь саромецца мовы сваёй,/ Зваць сябе беларусам пачні,/ Папрацуй над сялібай сваёй,/ А пасля з ціхатой адпачні!../ Дык звані моцна, звон, і гудзі, / Сваім гукам глушы увесь край!/ Хто шчэ спіць — ты таго разбудзі,/ Хто не спіць —  тых да працы збірай!”

1920-я гады, першае дзесяцігоддзе станаўлення Савецкай Беларусі, ілюструюць шчырыя паэтычныя творы Ула-дзіміра Жылкі, Алеся Гурло, Андрэя Александровіча, Цішкі Гартнага, Янкі Купалы, Уладзіміра Дубоўкі, Зінаіды Бандарынай, Міхася Багуна, Юлі Таўбіна, Валеры Маракова.

Асобныя старонкі своеасаблівай паэтычнай анталогіі звязаны праз сваіх аўтараў і з Пухавіччынай. Як вядома, Міхась Чарот нарадзіўся ў Рудзенску (колішні Ігуменскі павет). 1932 год ілюструе другі пухавіцкі, рудзенскі паэт — Уладзімір Хадыка. А 1950 год прамаўляе вершам ура-джэнца вёскі Лешніца Алеся Бачылы “Радзіма мая дарагая”. Пра 1966 год — радкамі верша таксама Алеся Бачылы “Белая Вежа”…

Усяго, дарэчы, у кнізе прадстаўлены вершы крыху болей за 50 паэтаў. І вельмі прыемна, што трое з іх — ура-джэнцы Пухавіцкага раёна, ураджэнцы сапраўднага “культурна-мастацкага гнязда”, якое дало Беларусі нямала паэтаў, мастакоў, акцёраў, творчых людзей іншых прафесій. Да “Святла Айчыны” ў якасці ілюстрацый выкарыстаны рэпрадукцыі карцін з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. З адзінаццаці мастакоў двое самым цесным чынам таксама далучаны да гісторыі нашай Пухавіччыны —  Генрых Бржазоўскі і Аркадзь Астаповіч.

“Святло Айчыны”, зборнік, які прадаўжае серыю, распачатую кнігамі Міхася Стральцова, Пімена Панчанкі, Яўгеніі Янішчыц, Генадзя Бураўкіна, — сапраўдная паэтычная хрэстаматыя для арганізатараў мастацкіх вечарын, увогуле для выхаваўчай працы. Найперш, зразумела, у агульнаадукацыйнай школе. Дарэчы, хацелася б параіць чытачу сачыць за навінкамі серыі, а выдавецтву “Мастацкая літаратура” —  шырэй рэкламаваць паэтычны праект. Ужо сама ідэя выбару толькі 100 вершаў у спадчыне творцаў, якія дзесяцігоддзямі працавалі ў паэзіі, кожны з якіх выдаў мноства кніг, гаворыць пра жаданне ўкладальнікаў, рэдактараў выбраць лепшае, выбраць тыя вершы, якія вытрымалі выпрабаванне часам.

Алесь  КАРЛЮКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *