Пачынаем з рамонту камбайнаў — гаспадаркі рыхтуюцца да жніва

Уладзімір Пакроўскі і Мікалай Паўлоўскі.

Штогод у канцы маяпачатку чэрвеня сельскагаспадарчыя арганізацыі прыступаюць да падрыхтоўкі збожжаўборачных камбайнаў да жніва для таго, каб правесці ўборку збожжавых і зернебабовых культур у аптымальныя тэрміны.

Вялікі камбайнавы парк  у ААТ «Агра-Абярэг», «Зазерка», «Голацк», «Дукора-Агра». У адкрытым акцыянерным таварыстве «Агра-Абярэг» убіраць хлеб з поля будзе 9 збожжаўборачных камбайнаў. Складаны рамонт двух камбайнаў «Мега» і КЗС-1218 быў зроблены яшчэ ў зімовы перыяд, і яны ўжо гатовы да работы.

— У гэтыя дні мы рыхтуем тыя збожжаўборачныя камбайны, якія выйдуць у поле першымі ўбіраць рапс, — расказвае галоўны інжынер ААТ «Агра-Абярэг» Валянцін Сайкоўскі. — Звычайна гэта адбываецца ўжо ў першай палове ліпеня. Пачнуць уборку рапсу «Лексіён» і два КЗС-1218. У іх цяпер праводзяць замену дэталяў, вузлоў, тэхнічнае абслугоўванне.

Займаюцца абслугоўваннем і рамонтам камбайнаў у сельгасарганізацыі камбайнер Аляксандр Крук, які будзе працаваць на «Лексіёне». Уладзімір Асіпук і Уладзімір Пакроўскі занятыя камбайнамі КЗС-1218. Таксама прыступілі да рамонту сваёй тэхнікі Мікалай Ляпёшка і Іосіф Вільтоўскі.

Усе збожжаўборачныя камбайны абавязкова павінны прайсці тэхагляд. Яго праводзяць работнікі дзяржтэхнагляду ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама. А спецыялісты гаспадаркі — галоўны аграном, галоўны інжынер і камбайнер, які будзе працаваць, правяраюць тэхніку на герметычнасць, каб зменшыць страты збожжа ў час жніва.

Усё неабходнае для таго, каб падрыхтаваць тэхніку да адной з адказных сельгаскампаній, у гаспадарцы ёсць. Хлебаробы разумеюць: ад тэхнічнага стану камбайнаў будуць залежаць не толькі тэмпы жніва, але і яго якасць.

Анастасія  ПЛЯТНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *