Падрыхтаваны новы выпуск літаратурна-мастацкага альманаха “Созвучие: Россия—Беларусь”

Да Дня беларускага пісьменства, які сёлета пройдзе на Брэстчыне ў горадзе Іванава, кніжныя выдавецтвы рыхтуюць розныя праектыВыходзяць новыя  кнігі прозы і паэзіі,  кнігі перакладаў  на  беларускую мову. Выдавецтва “Мастацкая  літаратура”, імкнучыся пашырыць прадстаўленне беларускай літаратуры ў свеце, падрыхтавала новы выпуск літаратурна-мастацкага альманаха “Созвучие: Россия—Беларусь”. Чацвёрты па ліку зборнік, які знаёміць і з беларускай літаратурай на рускай мове, і з літаратурамі іншых краін, таксама на рускай мове, адкрые  для  чытача  многа  імён і  многа твораў ужо вядомых аўтараў.

З беларускіх пісьменнікаў у “Созвучии” выступаюць Казімір Камейша, Сяргей  Трахімёнак, Валянціна Паліканіна, Віктар Гардзей, Віктар Праўдзін, Георгій Марчук.

Досыць цікавай падаецца  геаграфія  публікацый пісьменнікаў Расіі. З аповесцю выступае Валерый Казакоў, які, праўда, калі так можна сказаць, жыве на дзве краіны — у Расіі і Беларусі. “Созвучие” друкуе вершы нагайскага паэта з Дагестана Анварбека Култаева, башкірскай паэтэсы Зульфіі Хананавай, народных паэтаў  Татарстана  Роберта  Мінуліна і  Рэната  Харыса, чачэнскіх пісьменнікаў Лулы  Куна і Адама Ахматукаева.

— Мы  імкнуліся  паказаць шырокую палітру нацыянальных літаратур у Расіі, — расказвае адзін з укладальнікаў альманаха паэт Віктар Шніп. — Канешне ж, ахапіць усе літаратуры народаў Расіі немагчыма ў адным выданні. Ды і не да ўсіх сёння дацягнешся нават у электронных стасунках. Тым не менш, такім чынам мы выбудоўваем мост сяброўства, дэкларуем, што Беларусь літаратурная з’яўляецца добрай камунікатыўнай пляцоўкай для рэалізацыі розных праектаў. Дарэчы, ведаю, што імёны шмат каго з аўтараў нашага альманаха добра знаёмы чытачу і ў звязку з публікацыямі гэтых аўтараў па-беларуску. Вось у восьмым нумары часопіса “Маладосць” надрукавана   паэма  Зульфіі  Хананавай   у   перакладзе  Марыі  Кобец.  Вершы  Анварбека  Култаева перакладае Мікола Мятліцкі.   Творы  Лулы  Куна і Адама Ахматукаева толькі што былі змешчаны ў падборцы чачэнскай паэзіі і прозы ў часопісе “Полымя”. У Мінску выйшлі дзве паэтычныя  кнігі татарскага паэта Роберта Мінуліна. Адзін са зборнікаў — у серыі нашага выдавецтва “Сябрына: паэзія народаў Расіі”.

Алесь   КАРЛЮКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *