Падрыхтоўка тэхнікі і сельгасагрэгатаў актыўна вядзецца ў ААТ “Індустрыя-СГ”
Традыцыйна зімой у сельскагаспадарчых арганізацыях адным з галоўных клопатаў з’яўляецца рамонт тэхнікі. Каб увесну яна працавала без паломак, трэба цяпер ўкласці немалыя сродкі, а тое, што можна, зрабіць сваімі рукамі.
У ААТ «Індустрыя-СГ» асаблівую ўвагу надаюць не толькі сельгасмашынам, але глебаапрацоўчым і пасяўным агрэгатам, сеялкам, плугам, дыскатарам, культыватарам. Тэрмін пастаноўкі на лінейку гатоўнасці глебаапрацоўчай тэхнікі і пасяўных агрэгатаў — першае сакавіка. У гаспадарцы вялікі машынна-трактарны парк. На днях ён папоўніўся новай тэхнікай: набылі два трактары МТЗ-82, кормараздатчык, бочку для ўнясення вадкіх арганічных удабрэнняў і два прычэпы для ўнясення арганічных удабрэнняў.
Па словах галоўнага інжынера ААТ «Індустрыя-СГ» Руслана Каралько, у гаспадарцы складзены графікі рамонту, а з аб’ёмам работ імкнуцца справіцца самастойна. Праблем з набыццём запасных частак не адчуваюць: усё аператыўна закупляюць, тым больш што тэхніка — беларускай вытворчасці.
Кожны механізатар, адпрацаваўшы сезон, сваю тэхніку рамантуе сам. Напрыклад, Сяргей Ніпарка працаваў на ворыве, адвозіў зялёную масу. Яшчэ з восені ўзяўся за рамонт плуга ППА 9.45. Трактарыст-машыніст Віктар Савасцюк ужо адрамантаваў культыватар КШП-10 і плуг ППА-8.40, якім будзе рыхтаваць глебу вясной. Аляксандр Назаранка займаўся культыватарамі, якія будуць першымі выкарыстоўвацца для закрыцця вільгаці ў глебе. Андрэй Блахін рамантаваў дыскатары. Імі ён будзе дыскаваць цяжкую глебу, дзе раней раслі шматгадовыя травы. Сяргей Бункевіч падрыхтаваў да працы пасяўны агрэгат.
Акрамя таго, вытворчую практыку ў сельгасарганізацыі праходзяць навучэнцы Мар’інагорскага аграрна-тэхнічнага каледжа. Для іх гэта добрая магчымасць спазнаць тонкасці абранай прафесіі, а для гаспадаркі — дапамога ў рамонтных работах.
Сур’ёзныя рамонты паспелі завяршыць да новага года. Ужо гатовы культыватары, дыскатары і пасяўныя агрэгаты.
У гаспадарцы некалькі машынных двароў. Вялікі шлейф тэхнікі знаходзіцца на машынным двары ў аграгарадку Пухавічы. Калі тэмпература паветра прыкметна паніжаецца, рамонты вядуць у зачыненых памяшканнях, а пры плюсавой тэмпературы — пад навесамі. Створаны неабходныя ўмовы працы, існуюць пакоі для адпачынку.
У зімовыя месяцы ў работнікаў гаспадаркі ёсць добры стымул: адрамантаваў замацаваную за табой тэхніку — смела ідзі ў адпачынак.
— У мінулым сезоне мы шмат увагі надалі рамонтам, таму не здаралася істотных паломак пры тым, што пасеялі каля трох тысяч гектараў азімых збожжавых, а гэта значна больш, чым годам раней, — падкрэслівае Руслан Каралько. — Дарэчы, вялікі аб’ём работ трэба выканаць і вясной: толькі пад яравую сяўбу ў гаспадарцы адвялі тысячу гектараў збожжавых і зернебабовых культур і яшчэ 800 гектараў — пад кукурузу.
Анастасія ПЛЯТНЁВА.