Падзякавалі моладзь за працу і пажадалі новых працоўных перамог

Кацярына Касмольская і Людміла Ленкавец віншуюць Паўла Валасевіча.

Райкам прафсаюза работнікаў АПК і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама традыцыйна віншуюць  лепшых маладых работнікаў сельгасарганізацый на розных відах работ. Сімвалічна, што ў гэтым годзе вадзіцелі і механізатары, якія былі задзейнічаны на корманарыхтоўцыатрымалі падарункі напярэдадні Дня моладзі.

Паўла Валасевіча з ААТ “Аграсімвал” можна смела назваць пастаянным перадавіком сярод моладзі. Сёлета падчас нарыхтоўкі кармоў ён займаўся адвозкай зялёнай масы. Любімы  ж від работ у Паўла — сяўба. Падчас нашай сустрэчы ён падсяваў проса ў полі каля Гарэльца. Прызнаўся, што ўжо чакае  старту чарговай пасяўной кампаніі.

Вадзіцель Уладзімір Журавель.

Вадзіцель гэтай жа гаспадаркі Уладзімір Журавель грамату і падарунак за паспяховую працу атрымаў упершыню. У ААТ “Аграсімвал” малады чалавек вярнуўся пасля службы ў арміі.  Раней працаваў слесарам, са снежня мінулага года працуе на МАЗе.

— У арміі сядзеў за рулём бронетранспарцёра, таму да МАЗа прывык адразу, — гаворыць  Уладзімір. —  Нечакана быць у ліку лепшых, але вельмі прыемна. Тым больш, праца мне падабаецца.

Мікалай Ляпёшка з ААТ “Агра-Абярэг”.

Мікалай Ляпёшка з ААТ “Агра-Абярэг”  таксама ў спісе маладых перадавікоў. Ён быў задзейнічаны на касьбе. Узнагарод за працу ў Мікалая шмат. Гэта яскравы доказ таго, што з году ў год ён імкнецца да новых вяршынь.

Старшыня  райкама прафсаюза работнікаў АПК Людміла Ленкавец і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Кацярына Касмольская  падзякавалі перадавікам за працу і пажадалі новых працоўных перамог.  Варта адзначыць, што ў моладзі  з іншых гаспадарак раёна таксама ёсць магчымасць стаць лепшымі.

Кацярына  ВЕРНІКОЎСКАЯ. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *