Падзякавалі моладзь за працу і пажадалі новых працоўных перамог
Райкам прафсаюза работнікаў АПК і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама традыцыйна віншуюць лепшых маладых работнікаў сельгасарганізацый на розных відах работ. Сімвалічна, што ў гэтым годзе вадзіцелі і механізатары, якія былі задзейнічаны на корманарыхтоўцы, атрымалі падарункі напярэдадні Дня моладзі.
Паўла Валасевіча з ААТ “Аграсімвал” можна смела назваць пастаянным перадавіком сярод моладзі. Сёлета падчас нарыхтоўкі кармоў ён займаўся адвозкай зялёнай масы. Любімы ж від работ у Паўла — сяўба. Падчас нашай сустрэчы ён падсяваў проса ў полі каля Гарэльца. Прызнаўся, што ўжо чакае старту чарговай пасяўной кампаніі.
Вадзіцель гэтай жа гаспадаркі Уладзімір Журавель грамату і падарунак за паспяховую працу атрымаў упершыню. У ААТ “Аграсімвал” малады чалавек вярнуўся пасля службы ў арміі. Раней працаваў слесарам, са снежня мінулага года працуе на МАЗе.
— У арміі сядзеў за рулём бронетранспарцёра, таму да МАЗа прывык адразу, — гаворыць Уладзімір. — Нечакана быць у ліку лепшых, але вельмі прыемна. Тым больш, праца мне падабаецца.
Мікалай Ляпёшка з ААТ “Агра-Абярэг” таксама ў спісе маладых перадавікоў. Ён быў задзейнічаны на касьбе. Узнагарод за працу ў Мікалая шмат. Гэта яскравы доказ таго, што з году ў год ён імкнецца да новых вяршынь.
Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Людміла Ленкавец і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Кацярына Касмольская падзякавалі перадавікам за працу і пажадалі новых працоўных перамог. Варта адзначыць, што ў моладзі з іншых гаспадарак раёна таксама ёсць магчымасць стаць лепшымі.
Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.