Парадак трэба падтрымліваць

На беразе Свіслачы пакуль чыста. Адпачывайце на здароў’е, але рабіце гэта культурна.

Працягваецца традыцыйны месячнік па навядзенні парадку на зямлі, і многія з нас стараюцца па меры магчымасці прыбраць тое, што самі ж і забрудзілі. Хтосьці са мной, пэўна, паспрачаецца, бо прыбірае часцей за ўсё той, хто не смеціць. А той, хто мала клапоціцца аб парадку, эстэтыцы і, тым больш, аб экалагічнай бяспецы, працягвае забруджваць навакольнае асяроддзе. Менавіта таму рэйды, якія праходзяць адразу пасля працоўных дэсантаў, далёка не заўсёды даюць магчымасць канстатаваць той факт, што парадак застанецца  надоўга.

У раёне адбыўся першы маштабны суботнік для працоўных калектываў, многія з якіх не абмежаваліся адным працоўным днём, праведзеным на ўборцы тэрыторый. Камунальнікі і  наогул па вясне штодня актыўна займаюцца добраўпарадкаваннем. І гэтымі днямі не раз ужо працавалі на ўборцы прыбярэжных зон рэк Цітаўка і Свіслач. Але рукі адразу да ўсяго не даходзяць. А часам і апускаюцца…

Надвор’е дагэтуль не зусім спрыяла актыўнаму адпачынку на прыродзе, таму карціну, якую мы ўбачылі каля маста праз Цітаўку ў раёне старога млына, можна аднесці да наступстваў леташніх знаходжанняў чалавека на беразе ракі. Звалка з бутэлек, бляшанак, скрынак, абгортак ператварае раку ў палігон для адходаў. Любавацца прыродай тут жадання не ўзнікае. І нават хадзіць гэтай дарогай не вельмі прыемна.

Бытавое смецце ля Свіслачы. А, між іншым, у населеных пунктах арганізаваны падваравы аб’езд.

Аднак непрывабная карціна не перашкодзіла кампаніі з трох чалавек ў самы разгар працоўнага дня недалёка ад гэтага месца «прыемна»  праводзіць  час.  Гледзячы на гэта, стала сумна …

Сум не адпусціў і потым, калі праязджалі каля помніка ў Пухавічах, гандлёвых павільёнаў «Самір», «Дзверы, вокны» і «Рамонт абутку» на вуліцы Паслядовіча ў Мар’інай Горцы, каля зоны адпачынку на Цітаўцы (вуліца Токарава). Рэзюмэ  простае:  анфас  добры, а вось далей лепей не хадзі.

— Нельга сказаць, што людзі  наогул не прыклалі ніякіх намаганняў для таго, каб навесці парадак, — кажа Юрый Кур’яновіч, начальнік раённай інспекцыі па ахове прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя. — Праблема заключаецца яшчэ і ў тым, што гэты парадак трэба штодня падтрымліваць. І калі вы бачыце, што яго хтосьці актыўна парушае, не заставайцеся ўбаку. Калі сваімі сіламі не можаце спыніць парушальніка, то паведамляйце пра ўбачанае ў інспекцыю, рабіце фотаздымкі, каб можна было прыняць меры да тых, хто забруджвае навакольнае асяроддзе.

Звалкі бутэлек ля старога млына на Цітаўцы.

Аднак не толькі  адмоўныя  факты мы ўбачылі падчас аб’езду найбольш праблемных месцаў у зонах адпачынку гараджан. Напрыклад, на беразе Свіслачы (процілеглым зоне адпачынку ў Падбярэжжы), дзе любяць бываць жыхары раёна, было чыста. Магчыма,  гэта вынік леташніх намаганняў па навядзенні парадку. А, можа, з кожным годам людзі вучацца культурна арганізоўваць свой адпачынак.

Алена  ІВАНОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *