Партызанская газета

Пухавіцкая раённая газета “За калгасы”  з  1941 па 1944 год выходзіла  ў партызанскай брыгадзе “Полымя” пад назвай  “Партызан Беларусі” і з’яўлялася органам Пухавіцкага падпольнага РК КП (б). Выдавалася ў гады вайны на тэрыторыі раёна і яшчэ адна газета «Бальшавіцкі сцяг”, якая з’яўлялася органам  Рудзенскага РК КП (б)Б.

Інфармацыя аб гэтым надрукавана на старонках раённай газеты ў 60-я гады.  Аўтар   публікацыі С. Паслядовіч, былы супрацоўнік газеты, расказваў, што ў  маі  1943 года на тэрыторыі Гарэлецкага сельсавета  пачала дыслацыравацца партызанская брыгада “Беларусь”, якую ўзначальваў   Мікалай  Пакроўскі. Партызаны прывезлі з сабой невялікую друкарню і наладзілі раз у тыдзень  выпуск газеты “Бальшавіцкі сцяг”. Была створана невялікая рэдакцыя,  члены якой збіралі неабходныя матэрыялы, друкавалі газету.  Карэспандэнтамі былі М. Пакроўскі, П. Марозаў, Н. Ціханчык, П. Каско, В. Паслядовіч, А. Тарасаў і іншыя.  С. Паслядовіч  расказвае,  што  ён  працаваў у якасці гравёра,  выразаў з дрэва загалоўкі і клішэ. Цікавы той факт, што галоўным рэдактарам быў прызначаны Мікалай Сіротка, які да вайны працаваў рэдактарам газеты “За калгасы”. А Петр Каско  ў  60-я гады   быў карэспандэнтам пухавіцкай раённай газеты.

Партызанская газета расказвала аб дзейнасці партызанскіх атрадаў і злучэнняў, падпольшчыкаў, аб сітуацыі на фронце. Практычна ў кожным нумары   друкаваліся карэкатуры Гітлера  і фашыстаў. Рэдакцыя займалася і выпускам лістовак, якія распаўсюджваліся сярод насельніцтва. Таксама былі выдадзены зборнікі песень “На партызанскі лад”, “Мсціўцы”. Газета карысталася  папулярнасцю не толькі ў партызан , але і ў мірных жыхароў. Людзі яе чакалі і перадавалі з рук у рукі.

Восенню 1943 года ў партызанскай  друкарні быў выдадзеныі  першы нумар газеты  “Шлях сацыялізма” Мінскага падпольнага  райкома партыі. Рэдактарам гэтай газеты быў былы старшыня Пухавіцкага райвыканкама Ахрамовіч.

Друкавалі і газету “Мінскі бальшавік”, орган Мінскага падпольнага гаркома партыі. Праз некаторы час рэдакцыі  гэтых газет   набылі сваё абсталяванне.

Вольга САВАСЦЮК.

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *