Пасляваенны настаўніцкі калектыў Пухавіцкай школы

Пухавіцкая сярэдняя школа імя Арнольда Смеяновіча, вытокі якой выходзяць з 1863 года, на наступны год будзе адзначаць свой 160-гадовы юбілей.

Настаўнікі Пухавіцкай школы. 1949 год.

З гісторыяй школы звязаны імёны многіх славутых людзей. У даваенны час у школе вучыліся  Васіль Тарлоўскі і Мікалай Шут, подзвігі якіх у Вялікую Айчынную вайну адзначаны званнямі Героя Савецкага Саюза. Выпускнікамі школы з’яўляюцца акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар медыцынскіх навук, вядомы на ўвесь свет нейрахірург Арнольд Смеяновіч, генерал-лейтэнант Яўген Мікульчык (ён шмат гадоў узначальваў Беларускі саюз  афіцэраў), доктар палітычных навук, кандыдат  філасофскіх  навук Мікалай  Лабуш, акцёр  Купалаўскага  тэатра  Аляксандр   Лабуш, многія іншыя адметныя асобы. Школа па традыцыі была  сапраўднай кузняй афіцэраў–вайскоўцаў і супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Згадаем хаця б некаторых — Уладзімір Лопан, Аляксандр Казак, Алег Сухадольскі, Віктар  Мікульчык, Уладзімір   Шавель,  Вячаслаў Гардзей…  Адбыліся, здзейсніліся выпускнікі-пухавіччане і ў спорце, і ў розных галінах народнай гаспадаркі, і ў грамадскай дзейнасці.

Але ўсе здабыткі вучняў, іх таленты ў значнай ступені звязаны і з тым, якую сістэмную падтрымку ў авалодванні ведамі ім  аказвалі  настаўнікі  Пухавіцкай сярэдняй школы. Заўжды тут працавалі адораныя, таленавітыя педагогі, якія давалі трывалыя веды, фарміравалі творчыя і грамадскія, першыя прафесійныя памкненні сваіх вучняў.

Да нас ад нашчадкаў аднаго з пухавіцкіх настаўнікаў патрапіў здымак,  дзе разам фатограф  занатаваў  21  педагога  тады  Пухавіцкай дзесяцігодкі. Угледзецца  ў  фатаграфію  мы  прапануем  чытачам з той мэтай, што раптам хтосьці падкажа нечыя прозвішчы і імёны. На здымку — настаўнікі, якія працавалі  ў перыяд канца 1940-х – пачатку 1950-х і ў пазнейшыя дзесяцігоддзі. Здымак датаваны 15 мая 1949 года.  Кагосьці  з  педагогаў  няцяжка     пазнаць, бо яны працавалі ў школе яшчэ і ў 1970-я гады, а, мо, нават і пазней. У самым цэнтры стаіць настаўнік беларускай мовы і літаратуры Рыгор Аляксандравіч Гардзей, які некалькі дзесяцігоддзяў вучыў хлопчыкаў і дзяўчынак, падлеткаў, юнакоў і дзяўчат беларускаму прыгожаму пісьменству. У памяці — яго расповеды пра повязь творчасці народнага песняра Беларусі  Якуба  Коласа  з  бліжнімі  да Пухавіч вёскамі Балачанкай, Падбярэжжам, Беразянкай.

Першая справа сядзіць Зінаіда Васільеўна Корань, настаўніца пачатковых класаў. Стаіць другая справа — Галіна Феафанаўна Пілатовіч, настаўніца нямецкай мовы…

Мажліва, з часам будзе напісана паўнавартасная гісторыя Пухавіцкай сярэдняй школы, ды і ўвогуле адукацыі ў мястэчку, у вёсцы, у аграгарадку Пухавічы. Пэўна ж, не лішнім будзе ў ёй і гэты  даўні фота-здымак.

Алесь  Карлюкевіч, выпускнік  Пухавіцкай СШ 1981 года,

Вадзім  Кушняроў, выпускнік  Пухавіцкай  СШ 1993  года.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *