Патэлефануйце салаўю! У беларускіх птушак з’явіліся нумары тэлефонаў
Беларусь стала першай краінай у свеце, дзе ў птушак з’явіліся персанальныя нумары тэлефонаў. Пазваніўшы па іх, можна “пагаманіць” з 10 відамі птушак і паслухаць іх спеў. Завесці птушкам “сімкі” мы змаглі дзякуючы кампаніі А1, а саму ідэю для нас распрацавала ініцыятыва “Крэатон”.
Першыя ўласныя нумары з’явіліся ў вялікага голуба, малінаўкі, шчыгла, салаўя, гіля, чорнага дразда, берасцянкі, сіняй сініцы, крапіўніка, шэрай кугакаўкі. Гэта самыя распаўсюджаныя ў Беларусі і самыя пазнавальныя птушкі, якіх можна пабачыць у парках, а часам і наўпрост з акна сваёй кватэры. Многія раней чулі гэтыя галасы, але не ўсе ведалі, каму яны належаць.
Перад тым, як пачуць голас птушкі па тэлефоне, вас павітаюць «птушыныя сакратары».
Імі выступілі акцёры Купалаўскага тэатра Раман Падаляка і Крысціна Дробыш.
Заставайся на сувязі з дзікай прыродай!
Крыніца: ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны».