Патрапілі ў дзеючую армію адразу пасля вызвалення Беларусі

Мікалай Міхалковіч.

Яны жывуць у адной вёсцы. Шацк — радзіма і Мікалая Мікалаевіча Міхалковіча, і Пятра Андрэевіча Кісяля. Больш за тое: ветэраны Вялікай Айчыннай вайны — аднагодкі. Абодва былі яшчэ маладымі для таго, каб ісці на фронт. Але ўсё ж патрапілі ў дзеючую армію адразу пасля вызвалення Беларусі.

— Вядома, мы былі шчаслівыя, што вайна скончылася, і прыйшло доўгачаканае вызваленне, — успамінае Мікалай Мікалаевіч.— Жыццё ў акупацыі ні для каго лёгкім не было. Бацька мой памёр ад хваробы пасля аперацыі, брат ваяваў з фашыстамі ў партызанскім атрадзе, удзельнічаў у аперацыі па вызваленні Беларусі. А я быў прызваны  7 ліпеня 1944 года, амаль адразу пасля таго, як вызвалілі родную вёску.

Нас, маладых, навучалі вайсковай справе літаральна на хаду, пакуль перакідалі на фронт. «Вучыце матэрыяльную частку», — казалі нашы камандзіры, расказваючы пра карыстанне кулямётам. А мы рваліся на фронт. Маладыя…  Я не ўяўляў, што са мной можа здарыцца нешта страшнае. Тым больш, тады, калі, як усім здавалася, вайна набліжалася да канца.

Моладзь, якая толькі-толькі ўзяла зброю ў рукі, літаральна адразу трапляла на перадавую. І гэта было сапраўды страшна. Смерць, аказваецца, стаяла побач. Не дзіўна, што для многіх фатальным станавіўся першы ж бой. Мікалай Міхалковіч быў паранены пад Кенігсбергам. Падчас бою ў дом, што стаяў недалёка, трапіў снарад. Асколачнае раненне ў плячо. Шпіталь у Каўнасе. Аперацыі… Сёння з усяго невялікага франтавога жыцця ветэрану выразна помніцца толькі раненне, таму што жыць з яго наступствамі прыйшлося і далей. Але, як кажа Мікалай Мікалаевіч, дзеці вайны — людзі дужыя.

— Я і падумаць не мог, што мне выпадзе такі доўгі век. Перажылі ж мы нямала. І падчас вайны, і пасля яе, калі будавалі новае жыццё. Цяжка працавалі. Але сёння, вядома, без дапамогі дзяцей было б вельмі складана. Сын, унукі, праўнукі — усе дапамагаюць. Але я стараюся і сам яшчэ нешта па гаспадарцы зрабіць. Бадзёрымся…

Пётр Кісель.

Даведаўшыся, што наступным маім візітам будзе візіт да Пятра Андрэевіча Кісяля, Мікалай Мікалаевіч ажывіўся і перадаў земляку прывітанне. Раней часта бачыліся. Сёння — радзей.

Пётр Андрэевіч напярэдадні галоўнага свайго свята прыхварэў. Таму дома быў не адзін: з дачкой.

— Вайна?.. Хлапчуком быў. Працаваў, як і ўсе, у полі. Але на фронт рваўся, бо хацеў адпомсціць фашыстам за смерць бацькі. Ён быў лесніком, добра ведаў тутэйшыя мясціны і дапамагаў партызанам. Адразу пасля вызвалення Беларусі я па-прасіўся ў дзеючую армію. Мог не ісці. Мне было  17 гадоў. Маці бегла за мной услед, плакала, прасіла застацца…

Мікалай Міхалковіч і Пётр Кісель патрапілі ў адну частку. І (так супала) былі паранены практычна адначасова: Пётр Андрэевіч, па яго словах, апынуўся ў шпіталі на дзень пазней. Пасля Перамогі Пётр Кісель яшчэ шэсць гадоў служыў у арміі, вывучыўшыся на вадзіцеля. Дадому, у родны Шацк, вярнуўся толькі ў 1950 годзе. Тут, на радзіме, ставарыў сям’ю. Разам з жонкай выгадавалі траіх дзяцей, якія зараз таксама з’яўляюцца галоўнай падтрымкай і апорай, таму што жывуць побач.

Усё далей ад нас пераможны май 1945 года. Усё менш застаецца  побач з намі ўдзельнікаў і сведак Вялікай Айчыннай вайны. Усё больш складана даюцца ўспаміны тым, хто перажыў яе жахі. Проста даецца ветэранам толькі адно: пажаданне будучым пакаленням ніколі не пазнаць, што такое вайна…

Алена  ІВАНОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *