Перадавікі ЭБ “Зазер’е” атрымалі заслужаныя ўзнагароды

Старшыя камбайнеры Віктар Пякарскі і Сяргей Карэлы.

Сустрэць усіх механізатараў і вадзіцеляў разам можна толькі  раніцай, таму з самага ранку мы са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК  Людмілай Ленкавец накіраваліся на мехдвор ЭБЗазере”. Перадавікі атрымалі заслужаныя ўзнагароды за дасягненне высокіх вынікаў на жніве.

Сёлета ў гаспадарцы тры камбайнера-тысячніка. З году ў год Уладзімір Сарнацкі, Сяргей Карэлы і Віктар Пякарскі становяцца аднымі з лепшых у раёне. Варта сказаць, што яны працавалі без памочнікаў, таму лёгкай  уборачная кампанія ні для каго з камбайнераў не была.

— Без памочнікаў працуем не першы год. Цяжка, але прызвычаіліся, —  гаворыць  Віктар Пякарскі, які на камбайне правёў свой адзінаццаты сезон. — Сіла волі і жаданне працаваць заўсёды даюць станоўчы вынік.

Вадзіцелі Юрый Герман, Аляксандр Каваленка і Анатоль Каваленка.

Падзякі і падарункі атрымалі таксама вадзіцелі-тысячнікі Юрый Герман, Сяргей Баразна, Анатоль  і Аляксандр Каваленкі.

Аляксандр Каваленка — адзін з самых вопытных работнікаў ЭБ “Зазер’е”, бо працуе тут больш за 35 гадоў. Ён ужо на пенсіі, але з гаспадаркай не развітваецца.

— Люблю сваю прафесію за магчымасць пабываць у розных месцах падчас камандзіровак.  Я аб’ехаў усю Беларусь, — гаворыць Аляксандр Каваленка. — А ў маладосці, калі служыў у Германіі, давялося аб’ехаць паў-Еўропы.

Аляксандр Іванавіч стаў прыкладам для сына Анатоля, які таксама выбраў прафесію вадзіцеля і штогод  трапляе ў  спіс перадавікоў раёна.

Кацярына  ДАБРЫЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *