Перамогу прынеслі “Беларускія найгрышы”

У Паставах адбыўся  XXIX міжнародны фестываль народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік». У ім  прынялі ўдзел аматарскія ансамблі народнай музыкі, інструментальныя групы, фальклорныя інструментальныя калектывы і індывідуальныя выканаўцы на народных музычных інструментах з усіх абласцей Беларусі і пяці замежных краін: Расіі, Латвіі, Літвы, Эстоніі,  Індыі. Адначасова Мінскую вобласць і  Пухавіцкі раён  на фестывал і прадстаўляў удзельнік сямейнага ансамбля «Жывіца» Борскага сельскага Дома культуры Юрый Крывашэй.

— Я выступаў у намінацыі «Індывідуальны выканаўца», — расказаў Юрый.  —  Выконваў твор Уладзіміра Гінько «Беларускія найгрышы»: іграў  на дудзе, жалейцы, дудцы і гармоніку.

Падчас фестывалю праходзіла вялікая колькасць разнастайных цікавых мерапрыемстваў. Было адзначана, што адной з найважнейшых пляцовак  музычнага форуму стала творчая лабараторыя «Дуда —  покліч часу»: музыказнаўцы  сёлета звярнулі асаблівую  ўвагу на гэты музычны інструмент, яго магчымасці ва ўзбагачэнні палітры гучання аркестраў. У рабоце творчай лабараторыі прымаў удзел і Юрый Крывашэй,  праводзіў майстар-клас ігры на дудзе.

Дадому музыкант вярнуўся з узнагародамі. За папулярызацыю народнага мастацтва, захаванне і развіццё музычных традыцый ён атрымаў  спецыяльны дыплом фестывалю «Лаўрэат І ступені» і каштоўны прыз Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму.

Наталля ПАРХОМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *