Першы “Кубак Дабра” прайшоў у раёне

Выхадныя дні для выхаванцаў SOS-Дзіцячая вёска Маріна Горка прайшлі актыўна: юныя футбалісты прымалі на Пухавіччыне футбольныя каманды з іншых раёнаў, якія падалі заяўкі на ўдзел у першым турніры па мініфутболе «Кубак Дабра» сярод дзяцей 2007-2008 гадоў нараджэння.

— Аднымі з арганізатараў гэтага турніру мы сталі невыпадкова, — кажа Дзмітрый Калтовіч, дырэктар SOS-Дзіцячая вёска.— У апошнія гады мы паспяхова развіваем дзіцячы футбол, аб чым сведчаць дасягненні нашых выхаванцаў, якія ўдзельнічаюць у розных турнірах пад патранажам Асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола». У мінулым годзе каманда хлопчыкаў 2007 года нараджэння стала лепшай у чэмпія-наце рэспублікі сярод каманд, у складзе якіх гуляюць дзеці-сіроты. Дзеці 2005 года нараджэння сталі сярэбранымі прызёрамі чэмпіянату.

Правядзенне турніру «Кубак Дабра» падтрымалі спартыўнае грамадскае аб’яднанне «Футбольны клуб «Фіера» і «Дзіцячая Футбольная Ліга», ФАЦ «Вікторыя» Пухавіцкага раёна, аддзел масавага футбола Асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола».

Пераможцы турніру — каманда ЗАТ «Август-Бел».

Удзел у футбольным спартыўным свяце прыняла 8 каманд. У паядынках яны адстойвалі права стаць лепшымі. Барацьба была прынцыповая і па-дзіцячы эмацыянальная: перамагчы хацелі ўсе, таму пасля паражэння можна было пабачыць нават слёзы.

У фінале сышліся самыя, мабыць, зараджаныя на перамогу каманды — футбалісты ЗАТ «Август-Бел» і ФК «Смалявічы». Сіл і матывацыі аказалася больш у прадстаўнікоў нашага раёна. Яны і выйгралі фінальны матч, а таксама першы турнір «Кубак Дабра». Каманда SOS-Дзіцячая вёска, на жаль, на п’едэстал не трапіла, але дзеці стараліся. Тры гульні яны правялі з нічэйным вынікам, адну прайгралі. Улічваючы, што гулялі з моцнымі сапернікамі, вынік на самой справе нядрэнны.

Паміж матчамі госці Пухавіччыны змаглі пазнаёміцца з жыццём Дзіцячай вёскі, пабываць у  SOS-сем’ях, пабачыць, як жывуць там дзеці. Для многіх гэта стала адкрыццём.

—       Атмасфера спартыўнага свята і яго арганізацыя па водгуках былі выдатныя,— кажа Дзмітрый Васільевіч. — Нягледзячы на стомленасць (матчы працягваліся да самага вечара), некаторае расчараванне ад прайграных гульняў, настрой застаўся выдатным, таму што такія сустрэчы — гэта зарад бадзёрасці, гэта вопыт, гэта эмоцыі і матывацыя для далейшых заняткаў футболам. Плануем турнір зрабіць традыцыйным, а ўжо ў наступным месяцы правесці яго для каманд, у складзе якіх гуляюць дзеці-сіроты.

Алена  ІВАНОВА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *