Першы восеньскі кірмаш па продажы сельскагаспадарчай прадукцыі прайшоў у мінулую суботу ў Мар’інай Горцы

Першы восеньскі кірмаш  па продажы сельскагаспадарчай прадукцыі прайшоў у мінулую суботу на пляцоўцы ТАА «Цэнтр падрыхтоўкі «Аўгур» у Марінай Горцы. Надворе паспрыяла таму, каб мы маглі  прайсціся па гандлёвых кропках, прыгледзецца і нешта з сельскагаспадарчай прадукцыі купіць.

Добрым попытам традыцыйна карысталіся ячмень і пшаніца, якія прывезлі  на  кірмаш   з  Мар’інагорскага аграрна-тэхнічнага каледжа. За паўтары гадзіны машына напалову апусцела. У асноўным людзі купляюць зерне для падсобнай гаспадаркі. Але некаторыя выкарыстоўваюць яго як сідэрат.

З Брэсцкай вобласці (Столінскі раён) ужо традыцыйна на наш кірмаш прывозяць на продаж  гародніну. Сёлета цэны ў прадаўцоў аказаліся нават ніжэйшымі  за  леташнія. Напрыклад, капуста была па рублю за кілаграм. Па такім жа кошце можна было купіць цыбулю,  часнок,  моркву.

Багаты выбар бульбы самых розных гатункаў быў на першым кірмашы па цане ад 80 капеек. Але людзі не спяшаліся закупляцца «другім хлебам»: многія прыцэньваліся і вывучалі асартымент.

На першым кірмашы можна было набыць свежую рыбу, якую прывезлі з рыбгаса “Чырвоная слабада” Салігорскага раёна. За гэтай прадукцыяй выстраілася цэлая чарга.

З суседняга Чэрвеньскага раёна Анатоль Жыгалкоўскі прывёз багаты ўраджай хатняга мёду і разнастайную прадукцыю з яго: забрус, праполіс, воск. Мёд быў грачаны, рапсавы, лясны, з фацэліі. Анатоль Іванавіч, які мае 118 пчаласем’яў, адзначыў, што вельмі  добра пухавіччане куплялі рапсавы і грачаны мёд.

Анатоль Жыгалоўскі прапануе свой мёд.

Пастаянным прадаўцом на восеньскіх кірмашах з’яўляецца сям’я Ірыны і Валерыя Каламіец з Новага Уборка. Прадукцыю з дрэва, якую робіць гаспадар  (лыжкі, лапаткі, дошкі апрацоўчыя, драўляныя стульчыкі), добра ведаюць многія.  Гаспадыня падворка адказвае за мёд, сад, агарод. Таму ў продажы ў іх яшчэ і маліна, яблыкі, памідоры.

Ужо другі год прадукцыю  са свайго агарода прадавала на кірмашы і Леангіна  Кандратовіч   з  пасёлка   Мар’іна.

— Попытам карысталіся грушы, яблыкі, — адзначыла Леангіна Станіславаўна. — На гэты раз я таксама прывезла ўсё, што вырасла на маіх градках і ў садзе. Вядома, пакупнікоў яшчэ няшмат, але ўсё ж я задаволена вынікам сваіх сціплых продажаў.

Прадаўцы адзначалі, што людзей на першым кірмашы малавата. Усе традыцыйна найперш прыглядаюцца, прыцэньваюцца. Многія яшчэ ўбіраюць ураджай са сваіх прысядзібных участкаў і таму не спяшаюцца на кірмаш. Тым больш, што ён — першы. У наступныя выхадныя кірмаш пройдзе па той жа праграме.

Анастасія  ПЛЯТНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *