Першыя экіпажы-тысячнікі атрымалі падзякі і грашовыя прэміі
Райкам прафсаюза работнікаў АПК на гэтым тыдні пачаў віншаваць камбайнераў, якія дасягнулі тысячнага намалоту збожжа (з улікам рапсу). Традыцыйна першымі тысячнікамі ў раёне сталі хлебаробы СУП “Дукора—Агра” і ААТ “Голацк”.
Для камбайнера Паўла Абакунчыка і яго памочніка Фёдара Зазулюка гэта дэбютная ўборачная кампанія на дукорскіх палетках. Аднак гэты экіпаж лідзіруе на жніве невыпадкова: за плячыма ў Паўла Васільевіча сем сезонаў у адной з гаспадарак Мінскага раёна. Тэхніка не падводзіць, палі радуюць ураджаем, а сваю справу камбайнер добра ведае.
— Тысячнікам мне быць не ўпершыню, але сёлета стаўлю перад сабой больш сур’ёзныя задачы. У гаспадарцы, дзе працаваў раней, не было такой вялікай уборачнай плошчы, як у Дукоры. Спадзяюся, што змагу наблізіцца да дзвюх тысяч тон, — гаворыць Павел Абакунчык.
Сёлетняе жніво дэбютнае і для кіраўніка гаспадаркі Аляксандра Славікоўскага.
— Для мяне гэта асабліва адказная пара, таму што сельгаспрадпрыемства штогод ідзе ў ліку лідараў на жніве. Я хачу, каб гэта традыцыя працягвалася, — гаворыць Аляксандр Віктаравіч. — На палях працуе сем зернеўборачных камбайнаў. Каманда камбайнераў у параўнанні з мінулым годам аднавілася практычна напалову, аднак усе працуюць старанна і самааддана.
Першыя экіпажы-тысячнікі атрымалі падзякі і грашовыя прэміі ад райкама прафсаюза работнікаў АПК і ад кіраўніцтва сваіх гаспадарак.
Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.