Прадстаўнікі  грамадскасці  выступілі  з  прапановай аб  увекавечанні  памяці  Ігара Лучанка

 


Калі зоркі запальваюцца, значыць, гэта камусьці  патрэбна. Зорка, імя якой Ігар Лучанок, запалілася 6 жніўня 1938 года. І сёння мы ўжо добра ведаем, што патрэбна гэта было і нашай Беларусі, і  сусвету наогул. Кампазітар, імя якога называюць у шэрагу геніяльных музыкантаў сучаснасці, сваёй радзімай лічыў Мар’іну Горку, хоць і з’явіўся на свет у Мінску. І ў дзень нараджэння Ігара Лучанка ў мастацкай галерэі раённага краязнаўчага музея сабраліся прадстаўнікі грамадскасці, каб абмеркаваць пытанне аб увекавечанні памяці земляка.

Ігар Лучанок  напісаў сотні твораў у разнастайных музычных жанрах. Але галоўнымі для яго сталі песні, якія выконвалі самыя вядомыя артысты на савецкай, а затым і пастсавецкай прасторы. Гучалі яго мелодыі ў розных краінах на розных кантынентах. За сваю творчасць Ігар Лучанок  і ў Савецкім Саюзе, і ў Беларусі быў удастоены ганаровага  звання   “Народны артыст”. Ён стаў лаўрэатам многіх прэмій у галіне культуры і мастацтва, быў узнагароджаны многімі ардэнамі і медалямі. Можна прывесці шмат фактаў з біяграфіі кампазітара, якія сведчаць аб яго месцы ў культурным жыцці не толькі нашай краіны. Напрыклад, ён быў першым беларусам, якому адкрылі зорку на Плошчы Зорак у Маскве. А ў Польшчы яму прысудзілі ганаровае званне “Заслужаны дзеяч культуры”.

Сябры і паплечнікі Ігара Лучанка Ганна Лабастава, Уладзімір Аўсянкін, Таццяна Рабкіна.

У лістападзе споўніцца год, як Ігар Міхайлавіч пайшоў з жыцця. Але зорка яго не згасла. Кожную гадзіну мелодыю яго “Песні пра Мінск” адбіваюць куранты на вежы Мінскай ратушы. А спевакі розных пакаленняў працягваюць выконваць яго песні.

Сярод  удзельнікаў мерапрыемства, што праходзіла ў мастацкай галерэі,  было нямала людзей, якія добра ведалі Ігара  Міхайлавіча, сябравалі і супрацоўнічалі з ім.  Яны падзяліліся ўспамінамі, выказалі свае думкі наконт яго творчасці.

Аляксандр Прановіч, дырэктар раённага краязнаўчага музея:

— З  Ігарам Міхайлавічам упершыню мы сустрэліся 31 жніўня 1998 года. Паехалі ў музей у Блонь. Там ён сеў і па памяці  запісаў ноты некалькіх сваіх песень. З гэтых рукапісаў і пачалося супрацоўніцтва кампазітара з краязнаўчым музеем. У далейшым Лучанок перадаў шмат дакументаў, фотаздымкаў. І сёння ў музеі створана экспазіцыя, прысвечаная Ігару Лучанку.

Таццяна Рабкіна, калега па працы ў Рэспубліканскім камітэце па шэфстве работнікаў мастацтва над асабовым саставам Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь:

— Ігар Міхайлавіч доўгі час узначальваў камітэт. І мы разам з ім пабывалі ў многіх вайсковых часцях з шэфскімі канцэртамі, якія даваліся  бясплатна. У гэтым ён быў прыкладам для многіх артыстаў.

Ала Ралькевіч, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь другога і трэцяга склікання, старшыня раённага савета ветэранаў педагагічнай працы і прафсаюзнага руху:

— У складзе розных дэлегацый мне неаднаразова давялося бываць разам з Ігарам Міхайлавічам у Расійскай Федэрацыі. Трэба сказаць, што там яго безумоўна любілі і любяць.  Неяк разам мы прысутнічалі на  пасяджэнні Парламенцкага сходу Саюза  Беларусі і Расіі. Калі дэпутатам аб’явілі, што з канцэртам будзе выступаць Лучанок, зала ўзнялася і літаральна ўзарвалася апладысментамі. Гэта было відавочнае сведчанне любові і павагі да кампазітара.

Уладзімір Аўсянкін, палкоўнік у адстаўцы, паэт:

— Ігар Міхайлавіч напісаў 15 песень на мае вершы. Мы пазнаёміліся з ім у 1984 годзе ў шпіталі, дзе я пасля службы ў Афганістане праходзіў лячэнне. Пачалі  супрацоўнічаць і сябраваць. Разам стваралі фестываль-конкурс “Майскі вальс”, які праходзіў у Мар’інай Горцы.

Уладзімір Траццякоў, аўтар і выканаўца песень:

— Каб  разабрацца ў сутнасці творчасці Ігара Лучанка, трэба іграць яго музыку. Толькі  так адчуваеш, наколькі ён вялікі.  Напрыклад, творы, якія кампазітар стварыў у супрацоўніцтве з Уладзімірам Мулявіным, спецыялісты называюць неўміручымі.

Аляксандр Фінскі, скульптар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь:

— Ігар Лучанок заўсёды Мар’іну Горку называў сваёй радзімай. Тут яго бацькоўскі дом. Ён прысвяціў гораду некалькі песень. Таму не трэба сумнявацца, што Пухавіччына  мае права называцца радзімай кампазітара.

Падчас размовы Ала Ралькевіч агучыла прапанову прысвоіць імя Ігара Лучанка Мар’інагорскай дзіцячай школе мастацтваў,  і такім чынам зберагчы памяць аб сувязі кампазітара з Пухавіччынай.  Прапанову падтрымала дырэктар Мар’інагорскай дзіцячай школы мастацтваў Алена Гурская, якая паведаміла, што з падобнай ініцыятывай выступілі і выкладчыкі навучальнай установы.  Намеснік старшыні раённага савета ветэранаў Ірына Васілеўская адзначыла, што члены арганізацыі абмеркавалі ідэю аб увекавечанні памяці Ігара Лучанка ў нашым горадзе і лічаць яе правільнай, бо менавіта сярод ветэранаў працы шмат тых, хто добра ведаў кампазітара.

Удзельнікі мерапрыемства пачалі збор подпісаў. Усе жыхары раёна, якія падтрымліваюць ідэю аб увекавечанні памяці Ігара Лучанка, могуць далучыцца да гэтай акцыі.

Наталля ПАРХОМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *