Прайшлі традыцыйныя спаборніцтвы па лоўлі рыбы

Раённая арганізацыя Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў на Гарэлецкім меліярацыйным канале правяла традыцыйныя  спаборніцтвы па лоўлі рыбы летняй паплавочнай вудачкай. У іх прымалі ўдзел 12 каманд пярвічных арганізацый, 4 чалавекі ў асабістым першынстве рыбаловаў-аматараў і 12 хлопчыкаў і дзяўчынак з юнацкай секцыі «Бекас».

Некалькі тыдняў стаяла гарачае надвор’е.  Рыбаловы добра ведаюць, што ў такую спякоту  нават мінімальны ўлоў —  вялікая ўдача.  Але менавіта ў тым і заключаецца майстэрства, каб,  нягледзячы на абставіны, дачакацца сваёй рыбы.

Заслугоўваюць  павагу вы-трымка і ўпартасць, якую праявілі ўдзельнікі спаборніцтваў.

Канчатковы вынік вызначаўся па агульнай вазе ўлову. І быў у гэтым своеасаблівы драматызм, бо некаму пашчасціла злавіць пяць рыбін, але маленькіх, а некаму адну, але вялікую.

Напрыклад, нешта падобнае адбылося ў спаборніцтве паміж сёстрамі Ангелінай і Сабінай Загалавец. Адна з дзяўчынак злавіла пяць рыбін, а другая — чатыры. Але па вазе чатыры  важылі на некалькі грамаў больш, чым пяць.

У выніку пасля таго, як была вызначана вага злоўленай рыбы, месцы размеркаваліся наступным чынам. У камандным заліку на другім месцы апынулася каманда Дукорскага калектыву паляўнічых. А пераможцам стаў калектыў з Вузлян.  У асабістым заліку на трэцяй пазіцыі размясціўся Віталь Кацянко, на другой  — Аляксандр Савіч. Перамогу атрымаў Міхаіл Лукашонак, які злавіў самую вялікую рыбу вагой у 382 грамы.

Сярод юнакоў трэцяе месца  ў Сяргея Асіпёнка, другое — у Дзмітрыя Аўхімовіча, першае — у Валерыя Юданава.

Наталля ПАРХОМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *