Прыгожа ўнутры, але не знадворку

Добра, калі ў горадзе прыгожыя не толькі будынкі, дамы, архітэктурныя формы, але і навакольнае асяроддзе каля іх.

Вось з гэтай зусім не арыгінальнай думкі я пачынаю практычна кожную сваю працоўную раніцу. Думка гэта ненадакучліва наведвае мяне кожны раз, калі я іду з аўтобуснага прыпынку міма трох невялікіх, але папулярных у гара-джан магазінаў, размешчаных па вуліцы Чырвонаармейская адразу за гасцініцай. Гэта магазін, дзе прадаецца прадукцыя фабрыкі «Камунарка», вясельны салон і кнігарня.

Мне, напэўна, і казаць нічога не трэба пра тое, чаму настрой можа быць сапсаваны з самай раніцы. Наўрад ці ён застанецца добрым, бо вока ваша абавязкова спыніцца на добраўпарадкаванні прылеглай тэрыторыі.

Калі тое, што мы ўбачым, — кветнікі, то яны дакладна не былі кранутыя з моманту свайго стварэння. І ствараліся, напэўна, так сабе: на хуткую руку і абы з рук. Зараз, восенню, тут адны сухія палкі стаяць замест кветак, пра якія ніхто і не помніць.

Нейкае варушэнне прыкметна хіба што каля кнігарні, унутраны змест якой ўсё роўна па якасці ў разы пераўзыходзіць карцінку знадворку.

Каля кандытарскага магазіна і вясельнага салона  сметніц няма, таму ўсё, што перашкаджае лю-дзям, аказваецца на клумбе або на газоне. А калі не там, то пад плотам жылога дома, што стаіць за кнігарняй.

Увогуле, ісці па гэтым баку вуліцы зусім непрыемна. І настрой быў бы сапсаваны надоўга, калі б не кантрасны процілеглы бок вуліцы, дзе прама каля будынка РАУС ёсць прыватны дом, тэрыторыя якога заўсёды ў ідэальным парадку і заўсёды патанае ў кветках.

Увогуле, ёсць падстава задумацца над тым, што калі за табой замацавана  тэрыторыя, то за ёй трэба глядзець. І хай на ёй не будзе нечага незвычайнага, а будзе толькі парадак, гэта ўжо добра…

 

 

Алена  ІВАНОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *