Прыватнае гандлёвае прадпрыемства з нашага раёна занесена на Рэспубліканскую дошку Гонару

Кацярына і Сяргей Каранікі.

Калі чалавек з душой робіць сваю справу, гэта абавязкова ацэняць!

Аб тым, што стваральнікі прыватнага ўнітарнага гандлёвага прадпрыемства «КС прадтавары» Сяргей і Кацярына Каранікі сапраўды любяць тое, чым займаюцца, мы расказвалі ўжо не раз. Ім належыць  сетка магазінаў. І іх мэта — арганізаваць гандаль на такім узроўні, каб максімальна задаволіць попыт пакупнікоў, асабліва ў сельскай мясцовасці. І ўсе, хто   наведвае магазіны «Арбуз», думаю, пагодзяцца: у іх гэта атрымліваецца!

Дзейнасць ПУГП «КС прадтавары» ўжо ацанілі на ўзроўні раёна: па выніках працы ў 2019 годзе яно занесена на раённую Дошку гонару. Уклад прадпрыемства ў сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна цяпер прызналі і на ўзроўні рэспублікі: яно ў спісе пераможцаў спаборніцтва за 2019 год, якія згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 136 ад 22 красавіка гэтага года занесены на Рэспубліканскую дошку Гонару.

«Занясенне на Рэспубліканскую дошку Гонару з’яўляецца грамадскім прызнаннем працы грамадзян і калектываў прадпрыемстваў, якія ўнеслі важкі ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё і дабрабыт краіны», — гаворыцца ў Палажэнні аб гэтай узнагародзе. Па выніках спаборніцтва за мінулы год яе ўдастоена 62 пераможцы спаборніцтва ў адпаведных намінацыях сярод абласцей і горада Мінска, раёнаў, гарадоў (раёнаў у гарадах), арганізацый усіх формаў уласнасці. Інфармацыя на Рэспубліканскай дошцы Гонару ўжо абноўлена, і на ёй можна ўбачыць шыльду, прысвечаную прыватнаму ўнітарнаму гандлёваму прадпрыемству «КС прадтавары».

Наталля   Пархомчык.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *