ПСУ “Рудзенскае” спецыялізуецца на вытворчасці малака і мяса
У гэтым годзе ў ліку прызёраў спаборніцтва сярод гаспадарак раёна на жніве названа ПСУ “Рудзенскае” ўнітарнага прадпрыемства “Мінскметрабуд”. Працуе тут 112 чалавек, з іх 11 механізатараў і вадзіцеляў. Гаспадарка спецыялізуецца на вытворчасці малака і мяса: мае 1880 галоў буйной рагатай жывёлы, з іх 680 — дойных кароў. Перад жывёлаводамі стаіць задача дасягнуць надояў у 5 тысяч літраў малака ў год ад кожнай каровы. Дасягненне гэтай мэты залежыць, у тым ліку, і ад таго, наколькі якасныя кармы атрымлівае жывёла. Стварыць трывалую кармавую базу — задача тых, хто працуе на палях: раслінаводству ў гаспадарцы таксама ўдзяляюць вялікую ўвагу.
— Землі ПСУ «Рудзенскае» раскінуліся ў асноўным паміж гарадскімі пасёлкамі Рудзенск і Праўдзінскі, — расказвае дырэктар гаспадаркі Ігар Бабярэнка. — Гэта 5 тысяч гектараў, з якіх без малога тры тысячы гектараў ворыва. Пад зерневыя культуры ў гэтым годзе было адведзена 1200 гектараў. Гаспадарка завяршыла ўборачную з намалотам 3846 тон збожжа пры ўраджайнасці 31 цэнтнер з гектара. План па здачы зерня дзяржаве складаў 656 тон, па факце здалі 690 тон, альбо 20 працэнтаў ад атрыманага ўраджаю.
Трэба аддаць належнае механізатарам і вадзіцелям: усе яны ў вясенне-летні перыяд наогул, і падчас жніва асабліва не лічычылі асабісты час. Хочацца адзначыць Івана Паддубоцкага, Ігара Блашко, Паўла Крывашэева, Аляксандра Юдзіна і іншых.
Якасна і ў тэрмін правесці жніво гаспадарцы дапамагалі шэфы. Так, УП “Мінскметрабуд” накіравала два экіпажы на зернеўборачныя камбайны. У гаспадарцы на працягу 8 месяцаў працуюць чатыры іх аўтамабілі. На жніве былі задзейнічаны работнікі УП “Жылцепласэрвіс” КГ, таксама ААТ “Рудзенск” выдзеліла трактар.
Улічваючы тое, што асноўны накірунак работы гаспадаркі — жывёлагадоўля, мы дастатковую ўвагу ўдзяляем травам. Напрыклад, у гэтым годзе шмат дзе на тарфяніках пасеялі кастрэц. Пад канюшыну адвялі 175 гектараў.
Новай культурай для гаспадаркі сталі цукровыя буракі, якія вырошчвалі на плошчы 100 гектараў. Не ўсё атрымалася як хацелі, але ад гэтай культуры адмаўляцца не будзем.
У гэтым годзе папоўніўся машынны парк. За кошт дзяржбюджэту атрымалі трактар МТЗ-3522. УП “Мінскметрабуд” набыў для нас пагрузчык “Амкадор-352”, апарат “Раса” для апрацоўкі раслін.
Падчас размовы Ігар Аляксандравіч закрануў і самыя вострыя праблемы. У першую чаргу гэта забяспечанасць кадрамі. Побач з гаспадаркай знаходзяцца гарадскія пасёлкі з прамысловымі прадпрыемствамі, які прывабліваюць моладзь. І да сталіцы, як кажуць, рукой падаць: добрыя транспартныя зносіны з Мінскам таксама не спрыяюць прытоку кадраў. Хаця заробкі ў ПСУ «Рудзенскае» нядрэнныя. Таму чакаюць тут тых, хто разумее, наколькі важнай з’яўляецца праца на зямлі, і тое, што любую праблему можна вырашыць, калі гэтая праца падабаецца.
Наталля ПАРХОМЧЫК.