Пухаўчанка захапляецца вырабам салодкіх прысмакаў
Ну, вось ён зноў наступае, гэты чароўны Новы год. З традыцыйным шампанскім, мандарынамі. І, вядома, з салодкімі прысмакамі. У сям’і Анны Казаравай яны будуць не набытымі, а зробленымі сваімі рукамі. Дарэчы, і рэпетыцыя па вырабе святочнага навагодняга торта ўжо прайшла: на здымку вы бачыце вынік працы. Праўда, яго ўжо няма…
— Гэты торт быў зроблены на дзень нараджэння, — кажа Анна. — Але я вырашыла нагадаць імянінніку, што пара ўжо і за елкай адпраўляцца.
Прызнаюся, я раней бачыла і нават спрабавала аднойчы торты, прыгатаваныя Аняй. І кожны раз шчыра дзівілася, што вось так, без усялякага навучання, можна зрабіць сапраўдны твор мастацтва, у якім проста няма заганаў.
Зрэшты, куды прыкласці свае рукі, Аня ведала заўсёды. Яна з дзяцінства вышывала, вязала, шыла, малявала. І заўсёды рабіла гэта максімальна прафесійна для аматара.
— Думаю, больш за ўсё мне падабалася шыць, — расказвае Анна.— Я з задавальненнем заўсёды шыла адзенне для дачкі. Ад карнавальных касцюмаў да самых сур’ёзных рэчаў. Але калі нарадзіўся сын, зразумела, што шыццё на час трэба адкласці. І тады прыгадалася дзіцячае захапленне выпечкай.
Аднойчы ў пошуках арыгінальнага рашэння для ўпрыгожвання торта на дзень нараджэння дачкі Анна зазірнула ў інтэрнэт… І адкрыла для сябе абсалютна новы свет!
— Здаецца, зараз увогуле няма неабходнасці турбавацца аб набыцці цукерак, печыва, тортаў: выбар у магазінах проста велізарны. Але разам з тым, людзі з кожным днём прыдумляюць і вынаходзяць усё больш таго, што можа вам спатрэбіцца, калі вы вырашылі зрабіць нешта сваімі рукамі. Выпечка — не выключэнне. Ёсць столькі розных гаджэтаў, інгрэдыентаў, назваў якіх я нават раней і не чула. Але цяпер паступова даведваюся і спрабую. І па-новаму знаёмлюся з прадуктамі. Напрыклад, цяпер дакладна ведаю, што для мяне як для кандытара няма нічога лепшага за шакалад «Спартак», беларускі тварог, вяршкі, масла. Нешта адкрываць для сябе такім чынам — гэта цікава.
За даволі невялікі адрэзак часу Анна навучылася рабіць хатні зефір, хатнія цукеркі, размалёўваць сваімі рукамі печыва. Для гэтага зараз не праблема знайсці пэндзлі і спецыяльныя харчовыя фарбы.
Праўда, трэба яшчэ і час знайсці. А гэта, бадай, складаней за ўсё. Таму, напрыклад, апошні торт рыхтаваўся цэлых тры дні. І самым простым ў працэсе была выпечка. А вось упрыгожваць прыйшлося доўга, каб не атрымаўся брак. Чаго варта было толькі намаляваць машынку з ёлкай! Мне шкада, але фотаздымак не перадае ў поўнай меры ўсе тонкасці малюнка, які хоць і выглядае мульцяшным, але, здаецца, вось-вось ажыве…
Калі я дапісвала гэтыя радкі і рыхтавала фотаздымак, я разумела, што торцік ужо, напэўна, з задавальненнем з’едзены гасцямі. Не сказаць, што мне ад гэтага стала неяк сумна. Але ўсё ж! Пашытая рэч будзе насіцца гадамі. А торт, над якім стаяў гадзінамі, жыве зусім нядоўга.
— Так, вынік майго сённяшняга захаплення немагчыма захаваць нават на некалькі дзён, — усміхаецца Анна.— Але ўсё роўна ты атрымліваеш велізарнае задавальненне ад таго, што, па-першае, у цябе атрымалася задуманае і яго ацанілі людзі. А па-другое, ад таго, што з’яўляецца нагода спячы нешта новае…
Алена ШАНТЫКА.