Пухавіччане атрымалі ўзнагароды за працу на абласных «Дажынках»
Святочны настрой панаваў у мінулую суботу ў Чэрвені. Там праходзіў абласны фестываль–кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2020”, на якім былі ўручаны ўзнагароды лепшым хлебаробам сталічнага рэгіёна. Удзел у свяце прымалі прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў Міншчыны, у тым ліку і дэлегацыя нашага раёна.
У гэтым годзе Міншчына можа па праву ганарыцца сваім караваем: аграрыі намалацілі больш за 2 мільёны тон зерня. Такі рубеж у сталічным рэгіёне ўдалося пераадолець упершыню за апошнія пяць гадоў. Гэта вынік калектыўнай працы, што неаднаразова было падкрэслена падчас урачыстай цырымоніі ўручэння ўзнагарод, якая стала цэнтральнай падзеяй свята.
У ходзе святочнага мерапрыемства са сцэны прагучала нямала віншаванняў у адрас хлебаробаў. Прывітальны адрас ад імя Аляксандра Лукашэнкі зачытаў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Максім Рыжанкоў і ўручыў яго старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандру Турчыну.
Затым былі агучаны вынікі абласнога спаборніцтва па ўборцы ўраджаю. У гэтым годзе першае месца заняў Маладзечанскі раён, аграрыі якога намалацілі найбольшую колькасць зерня.
Падчас цырымоніі ўзнагароджання на сцэну падняліся тыя, хто паказаў найлепшыя вынікі на жніве: кіраўнікі раёнаў і сельскагаспадарчых арганізацый, аграномы і інжынеры, камбайнеры і вадзіцелі. Прыемна, што сярод іх былі і нашы землякі.
Ганаровую грамату Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь атрымаў старшыня раённага выканаўчага камітэта Віктар Каляда. Ганаровыя граматы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання атрымаў экіпаж СУП “Дукора-Агра” — Павел Абакунчык і Андрэй Максімчык.
Завяршальным акордам цырымоніі стала перадача эстафеты свята ад Чэрвеня сталіцы дажынак наступнага года — гораду Капылю.
Наталля ПАРХОМЧЫК.