Пухавіччане паспяхова выступілі на Языльскай дыстанцыі
У канцы верасня — пачатку кастрычніка ўжо больш за 30 гадоў Старыя Дарогі прымаюць у сябе аматараў бегу на нацыянальным фестывалі «Языльская дзясятка». У мінулым годзе фестываль сабраў больш за дзве з паловай тысячы ўдзельнікаў і мноства гледачоў. У гэтым годзе колькасць удзельнікаў была, безумоўна, меншай, але свята ўсё роўна адбылося.
— Было добрае надвор’е, добры настрой, якому спрыялі і паказаныя пухавіччанамі вынікі, — расказвае неаднаразовы ўдзельнік фестывалю Сяргей Абідзіентаў. — Пухавіцкая каманда складалася сёлета з 40 чалавек. Самымі маленькімі былі прадстаўнікі Пухавіцкай СДзЮШАР — першакласнікі Багдан Жандроха, Ульяна Ціміжэўская, Каця Салаўёва, Маргарыта Маісеева. Таксама ўдзельнічалі прадстаўнікі ФАЦ «Вікторыя» і вучні Пярэжырскай СШ, якіх рыхтаваў настаўнік Яўген Маленкін. Адзін з іх, Кірыл Ліпніцкі, заняў прызавое месца. Дарэчы, і сам педагог выступаў на дыстанцыі.
На выдатна выступілі ў сямейнай эстафеце сем’і Маісеевых і Абідзіентавых.
Сярод дарослых 3-е месца на дыстанцыі 10 кіламетраў заняла Людміла Ліцвінская.
Усе ўдзельнікі фестывалю бегу ў намінацыях «Пяцісотка», «Школьны камандны забег», «Карпаратыўны забег», «Языльская дзясятка» і іншых атрымалі памятныя сувеніры ад арганізатараў.
Алена МАКСІМАВА.