Пухавіччане прадстаўлялі Беларусь на міжнародным фестывалі ў Латвіі
Народны сямейны ансамбль “Жывіца” Борскага сельскага Дома культуры прадстаўляў Беларусь на ХХІІ Міжнародным фальклорным фестывалі “Lustes Jekabpili”, што праходзіў у Латвіі. Музычны форум традыцыйна збірае творчыя калектывы краін Балтыі. Беларускія артысты сярод яго ўдзельнікаў былі ўпершыню.
Запрашэнне для “Жывіцы” даслаў латвійскі бок. З творчасцю калектыва арганізатары фестывалю пазнаёміліся праз інтэрнэт. Пухавіччане арганічна ўпісаліся ў агульную канву музычнага свята. І ў выніку атрымалі не толькі ўзнагароды фестывалю, а яшчэ і запрашэнне прыняць удзел у Днях беларускай культуры ў Латвіі, якія адбудуцца ў верасні гэтага года. Чакаюць “Жывіцу” ў балтыйскай краіне таксама на двух музычных форумах, што пройдуць у маі і ліпені наступнага года.
Наталля ПАРХОМЧЫК.