Пухавіччане здзіўлялі сваімі талентамі гасцей абласных «Дажынак»

У беларусаў прынята на свята сустракаць гасцей хлебам-соллю і вясёлай музыкай. У сталіцы абласных дажынак  — горадзе Чэрвені  — гэтую традыцыю  выканалі: дэлегацыі раёнаў сустракалі з караваем і песнямі,  і пастараліся зрабіць так, каб госці свята  ні хвіліны не сумавалі.  На плошчах і вуліцах горада размясціліся шматлікія выставы,  гандлёвыя рады і канцэртныя пляцоўкі.  Сюды, як на са-праўдны кірмаш, прыехалі народныя майстры і аматарскія калектывы вобласці. Разгарнулі свае палаткі прадпрыемствы харчовай прамысловасці, гандлю.

Самай галоўнай на абласных  “Дажынках” стала выстава караваяў і снапоў Мінскай вобласці.  На ёй быў прадстаўлены і пухавіцкі каравай, які пасля заканчэння свята па традыцыі быў перададзены ў Пухавіцкі псіханеўралагічны дом-інтэрнат.

Выклікаў інтарэс у гасцей свята і новы  краязнаўчы музей Чэрвеня, які адчыніў свае дзверы якраз напярэдадні “Дажынак”. У ім размясцілася выстава, экспанаты для  якой далі музеі Міншчыны, у тым ліку і  наша раённая  карцінная галерэя.

На плошчы перад новым краязнаўчым музеем раскінуўся “Горад майстроў”. Тут можна было палюбавацца вырабамі з дрэва і лазы, посудам і сувенірамі з гліны,  прадметамі ткацтва і мастацкага ліцця.

Прадставілі  свае работы і пухавіцкія майстры. З аграгарадка Бор прыехалі на кірмаш Наталля і Юрый Крывашэй. З сабой яны прывезлі тканыя паясы і вырабы з дрэва. Наталля Кулік з гарадскога пасёлка Свіслач усім, хто падыходзіў да яе, расказвала пра беларускую народную ляльку і абярэгі, якія яна стварае. Цікавіліся ўдзельнікі свята кошыкамі і іншымі вырабамі з лазы, аўтарамі якіх з’яўляецца шацкі майстар Сяргей Канаплёў.

Наталля Крывашэй.

А далей уздоўж цэнтральных вуліц горада раскінуліся гандлёвыя рады. Магчымасцямі, якія прадастаўляе вялікі кірмаш, паспяхова скарыстаўся  Пухавіцкі раённы камбінат бытавога абслугоўвання. Да яго палаткі пастаянна падыходзілі пакупнікі.  Як расказала дырэктар  Ірына Смялова, выручка, якую прадпрыемства  атрымала на кірмашы  за рэалізаваны тавар,  па-сапраўднаму парадавала.

Юрый Крывашэй.

Выставу-прэзентацыю арганізаваў і Пухавіцкі лясгас. Тут можна было пакаштаваць сабраныя  на тэрыторыі Амяльнянскага лясніцтва журавіны,  брусніцы  са светлаборскіх лясоў, набыць мёд і банныя венікі.

Падвор’е Пухавіцкага лясгаса.

Прынялі ўдзел у “Дажынках” і ўстановы адукацыі нашага раёна. Мар’інагорскі  аграрна-тэхнічны каледж арганізаваў выставу дэкаратыўна-прыкладной творчасці, на якой прадставіў кераміку і вырабы з саломкі. А на адну з імправізаваных сцэн выйшаў вакальна-інструментальны ансамбль “Крылы”, каб падарыць удзельнікам свята свае песні.

Яркія канцэртныя нумары падрыхтаваў да абласнога свята хлебаробаў наш раённы  цэнтр творчасці дзяцей і моладзі “Світанак”. Госці затрымліваліся каля сцэны, дзе выступалі ўдзельнікі вакальна-інструментальнага ансамбля  “V.I.P”, у склад якога ўваходзяць педагогі цэнтра. Узнагародай за творчасць ім былі шчырыя апладысменты.

Добрае свята немагчыма зрабіць паасобку. Каб яно атрымалася, патрэбны намаганні многіх.  І прыемна, што сярод тых, хто ствараў настрой у удзельнікаў і гасцей “Дажынак-2020”, былі і пухавіччане.

Наталля   ПАРХОМЧЫК.

Здымкі  Анастасіі  ПЛЯТНЁВАЙ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *