Пухавіччанін атрымаў дыплом за песню
Песня, якая кранае з першых нот і якую хочацца даслухаць да канца. Такія пачуцці выклікае кампазіцыя “Надыходзіць дзень”, якую напісаў наш зямляк, жыхар горада Мар’іна Горка Уладзімір Траццякоў. Гэта песня прынесла яму дыплом лаўрэата конкурсу-свята “Радасць мая” Рэспубліканскага фестывалю сучаснай хрысціянскай культуры “Благавест” за подпісам Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла ў намінацыі “Кампазіцыя”. Цырымонія ўзнагароджання адбылася ў Нацыянальным гістарычным музеі.
Уладзімір Траццякоў напісаў і музыку, і словы. Яго аўтарскі фолк-рок пазнаецца з першых нот. Гэта свецка-духоўная песня папоўніла лік творчых дасягненняў: Уладзімір Васільевіч — аўтар добра вядомай пухавіччанам песні “Мар’іна Горка”. Яшчэ адна песня кампазітара “Сіні лён” у мінулым годзе стала пераможнай для нашага земляка Ягора Жылука. На рэспубліканскім конкурсе патрыятычнай песні малады чалавек атрымаў дыплом лаўрэата III ступені.
— Песня “Надыходзіць дзень” — гэта зварот да простых беларускіх людзей, якія стаяць на раздарожжы, і перш за ўсё да самога сябе. У тэксце невыпадкова сустракаюцца біблейскія запаветы. Песня накіравана на тое, каб людзі знайшлі сілы ў складанай жыццёвай сітуацыі, — расказвае аўтар. — Словы я напісаў вельмі хутка, а музыка даўно была ў думках. Песню запісаў з першага раза. Шчыра ўдзячны мастацкаму кіраўніку дзіцячага ўзорнага хора “Мара” Мар’інагорскай дзіцячай школы мастацтваў Іне Собаль за дапамогу пры падрыхтоўцы конкурсных матэрыялаў.
У планах аўтара зрабіць гэтую песню ў фармате класічнага праваслаўнага песнапення. Паслухаць кампазіцыю “Надыходзіць дзень” можна ў эфіры радыёперадачы “Мар’іна Горка” ў сераду 23 студзеня ў 21.15 на радыёстанцыі “Мінская хваля” (97,4FM) або ў любы час у суполках нашай газеты “ВКонтакте” и “Одноклассники”.
Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.