Пухавіччанін атрымаў дыплом за песню

Песня, якая кранае з першых нот і якую хочацца даслухаць да канца. Такія пачуцці выклікае кампазіцыя “Надыходзіць дзень”, якую напісаў наш зямляк, жыхар горада Мар’іна Горка Уладзімір Траццякоў.  Гэта песня прынесла яму дыплом лаўрэата конкурсу-свята “Радасць мая” Рэспубліканскага фестывалю сучаснай хрысціянскай культуры “Благавест” за подпісам Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла ў намінацыі “Кампазіцыя”. Цырымонія ўзнагароджання адбылася ў Нацыянальным гістарычным музеі.

Уладзімір Траццякоў  напісаў і музыку, і словы. Яго аўтарскі фолк-рок пазнаецца з першых нот. Гэта свецка-духоўная песня папоўніла лік творчых дасягненняў: Уладзімір Васільевіч — аўтар добра вядомай  пухавіччанам песні “Мар’іна Горка”. Яшчэ адна песня кампазітара “Сіні лён” у мінулым годзе стала пераможнай для нашага земляка Ягора Жылука. На рэспубліканскім  конкурсе патрыятычнай песні малады чалавек атрымаў дыплом лаўрэата III ступені.

— Песня “Надыходзіць дзень” — гэта  зварот да простых беларускіх людзей, якія стаяць на раздарожжы, і перш за ўсё да самога сябе. У тэксце невыпадкова сустракаюцца біблейскія запаветы. Песня накіравана на тое, каб людзі знайшлі сілы ў складанай жыццёвай сітуацыі,  — расказвае аўтар. — Словы я напісаў вельмі хутка, а музыка даўно была ў думках.  Песню запісаў з першага раза. Шчыра ўдзячны  мастацкаму кіраўніку дзіцячага ўзорнага хора “Мара” Мар’інагорскай дзіцячай школы мастацтваў Іне Собаль за дапамогу пры падрыхтоўцы конкурсных матэрыялаў.

У планах аўтара  зрабіць гэтую  песню ў фармате класічнага праваслаўнага песнапення. Паслухаць кампазіцыю “Надыходзіць дзень” можна ў эфіры радыёперадачы “Мар’іна Горка” ў сераду 23 студзеня ў 21.15 на радыёстанцыі “Мінская хваля” (97,4FM) або ў любы час у суполках нашай газеты  “ВКонтакте” и “Одноклассники”.

Кацярына  ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *