Пухавіччанін заваяваў тры медалі на рэспубліканскай спартакіядзе
У дзевяці відах спорту лепшых вызначалі ўдзельнікі Рэспубліканскай спартакіяды Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, якая нядаўна прайшла ў Пінску. За каманду Мінскай вобласці выступаў адзіны прадстаўнік нашага раёна — Павел Хадачынскі. За тры дні спартакіяды наш зямляк тройчы падымаўся на п’едэстал.
Павел Іванавіч — кіраўнік фізічнага выхавання Мар’інагорскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа. Сказаць, што ён проста сябруе са спортам, напэўна, будзе недастаткова. Ён пастаянна падтрымлівае сябе ў належнай форме, ходзіць на стадыён, а таксама сам трэніруе хлопцаў і дзяўчат у секцыі тайскага боксу і кікбоксінгу.
— Марыў стаць прафесійным спартсменам, але бацькі ўпэўнілі, што лепш паступаць ва ўніверсітэт на юрыдычны факультэт, — расказвае Павел Хадачынскі. — Аднак праз некаторы час я ўсё ж атрымаў ашчэ адну вышэйшую адукацыю, звязаную са спортам.
На рэспубліканскай спартакіядзе Павел Іванавіч выступаў адразу ў двух відах спорту. У складзе каманды Мінскай вобласці стаў чэмпіёнам у эстафеце чатыры па чатырыста метраў. У асабістым заліку заняў трэцяе месца па выніках забегу на адзін кіламетр.
Акрамя лёгкай атлетыкі, пухавіччанін паспяхова праявіў сябе ў гіравым спорце. У практыкаванні «рывок гіры» ён стаў трэцім. Дарэчы, з гэтым спартыўным снарадам Павел Хадачынскі пазнаёміўся тры гады таму. І за гэты невялікі час стаў чэмпіёнам Еўропы ў практыкаванні «штуршок».
Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.