Пухавіччанка атрымала ганаровае званне «Вучань года Мінскай вобласці-2020»

Кажуць, што адзін чалавек мала што  вырашае.  Для поспеху любой справы патрэбна каманда і калектыўная праца.  Справядліва.  І ўсё ж калі няма чалавека, здольнага павесці за сабой, узяць адказнасць за сябе і іншых, праявіць патрэбную ініцыятыву і аб’яднаць аднадумцаў, наўрад ці справа будзе ладзіцца…

Такім чалавекам у вучнёўскім калектыве Дубраўскай СШ з’яўляецца дзевяцікласніца Дар’я Дмітрачэнка, якую нядаўна ўсёй школай віншавалі з атрыманнем ганаровага звання «Вучань года Мінскай вобласці-2020» у намінацыі «Грамадская дзейнасць».

Падвядзенне вынікаў абласнога конкурсу «Вучань года Мінскай вобласці-2020», які прайшоў ужо шосты раз, упершыню адбылося ў анлайн-фармаце.

За перамогу ў конкурсе змагалася 112 школьнікаў сталічнай вобласці, але ўдастоіліся высокага звання «Вучань года-2020» толькі  25 чалавек.  Гэта вучні, якія па выніках каляндарнага года з найлепшага  боку  праявілі  сябе ў вучобе, спорце, грамадскай і  навукова-практычнай дзейнасці на абласным, рэспубліканскім і міжнародным узроўнях.

Для ўдзелу ў конкурсе школьнікі прадстаўлялі на суд журы прэзентацыю сваёй працы і сваіх дасягненняў.  Лепшых з  лепшых  вызначалі  па  традыцыі ў шасці  намінацыях: вучэбнай, спартыўнай, грамадскай, творчай,   праектнай   і  працоўнай  дзейнасці.

Дзевяцікласніца з Дубраўскай СШ  Дар’я  Дмітрачэнка  была  названа  лепшай у  намінацыі «Грамадская дзейнасць».

Я сустрэлася з Дар’яй пасля ўрокаў.  У чаканні званка паспела пагутарыць з дырэктарам школы Валянцінай Фёдараўнай Андрэевай, якая са шчырым задавальненнем расказала мне пра дзяўчынку, і пра тое, што яе ўзнагародай школа ганарыцца не менш, чым сама Дар’я.

— Мы ўпэўнены, што Дар’я, вучаніца маленькай сельскай школы, заслужыла перамогу ў прэстыжным вучнёўскім конкурсе, таму што яна сапраўды вельмі зацікаўлены, актыўны чалавек, які на працягу некалькіх гадоў з’яўляецца лідарам не толькі сярод аднакласнікаў, але і сярод сваіх аднагодкаў са школ раёна (Дар’я была членам раённай дзіцячай палаты піянерскай арганізацыі).

Выдатніца, спартсменка,  валанцёр,  член рэдкалегіі  школьнай  газеты «Дубравінка», старшыня  школьнай  арганізацыі        РА «БРСМ», удзельніца КВЗ і  член клуба «Эрудыт» — гэта ўсё, па словах Валянціны Фёдараўны, пра  Дар’ю…

Калі пасля ўрокаў дзяўчынка прыйшла ў кабінет дырэктара, мне здаецца, я ўжо даведалася пра яе абсалютна ўсё. Ёй заставалася, бадай, расказаць толькі аб тым, якім чынам яна паспявае займацца такой колькасцю спраў, пры тым, што бал за вучобу ў яе блізкі да 9.

— Лёгка паспяваць, калі ты робіш тое, што табе падабаецца, і калі ты ў стане распланаваць свой час, — мудра заўважае Дар’я.

З самага дзяцінства дзяўчынка не хацела заставацца ў баку ад грамадскага жыцця, таму была абрана спачатку старшынёй піянерскай дружыны школы, а потым і сакратаром школьнай арганізацыі  БРСМ.

— Я часта чую, што гэтыя вучнёўскія арганізацыі сёння не такія значныя і карысныя, як у той час, калі вучыліся ў школе нашы бабулі і дзядулі, таты і мамы, — разважае Дар’я.— Мне цяжка параўноўваць.  Але і мы не сядзім без справы.  Вучні старэйшых класаў па-сяброўску дапамагаюць малодшым школьнікам у вучобе, арганізуюць для іх розныя мерапрыемствы.  Мы ўсе таксама займаемся валанцёрскай дзейнасцю: наведваем адзінокіх і пажылых людзей, аказваем па іх просьбах нейкую дапамогу.  Па традыцыі на ўсе святы бываем дома ў настаўнікаў, якія працавалі ў школе, а таксама запрашаем іх на свае мерапрыемствы.

Мне, напрыклад, вельмі цікава займацца ў клубе «Эрудыт».  У шосты школьны дзень мы часта збіраемся разам, каб трэніравацца, павышаць свой інтэлектуальны ўзровень і потым выдатна выступаць у гульні «Што?  Дзе?  Калі?».

А яшчэ Дар’я  —  член каманды клуба вясёлых і знаходлівых.  Дзякуючы і яе пачуццю гумару, эрудыцыі, таленту ўпэўнена трымацца на сцэне, каманда школы не раз займала прызавыя месцы ў раённым конкурсе сярод каманд вясёлых і знаходлівых.  Для  сельскай школы гэта вельмі добры вынік.

Дар’я не першы год вядзе актыўную работу па зборы экспанатаў  для   школьнага   этнагра-фічнага  музея.  Год   таму  дзяўчынка  стала  прызёрам  раённай  навукова-практычнай канферэнцыі з работай па даследаванні фальклорных традыцый населеных пунктаў сельсавета.

Паспявае Дар’я пабываць і ва ўсіх  паездках  (у  цырк,  дэльфінарый,  тэатр),  і  на  ўсіх  экскурсіях, якія  арганізуюць  у  школе.

Быць у цэнтры ўсіх падзей — гэта жаданне, гэта правіла, гэта прынцыповая пазіцыя школьніцы.  Пры ўсім гэтым Дар’я вельмі сціплы і спакойны чалавек.  І ў нейкі  момант міжволі засумняваешся: а дзе ж хаваецца гэтая ініцыятыва, гэты багаты пералік інтарэсаў і жаданняў? Ці не перабольшана  ўсё  з  таго, што я  пачула?

Адказ  для  сябе  я  знаходжу   ў  словах  дырэктара  школы:

— У гэтым годзе Дар’я плануе пасля заканчэння 9 класа працягнуць вучобу ў каледжы, каб атрымаць спецыяльнасць і пайсці працаваць у банкаўскую сферу.  І мы, шчыра жадаючы ёй поспехаў у рэалізацыі мары, загадзя хвалюемся за сябе: усё ж не ў кожным класе, не ў кожнай паралелі ёсць такія яркія асобы, поспехі і дасягненні якіх застаюцца ў гісторыі школы…

Алена  ШАНТЫКА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *