Пухавіччанкі атрымалі галоўную ўзнагароду за мацярынскую працу — ордэн Маці

«У нас ёсць яшчэ  адна прычына ганарыцца нашай матуляй», — сказаў мне неяк сын шматдзетнай мамы, якой ўручылі галоўную ўзнагароду за яе нялёгкую мацярынскую працу.  Я назаўжды запомніла гэтыя словы дзесяцігадовага хлапчука, які сапраўды ў той момант быў шчаслівы за маму…

Марына Зубровіч, Ксенія Кадоліч, Аксана Сцефаненка, Вольга Комлік, Вольга Кікот, Алена Домніч.

Учора такая ж прычына  для  гонару з’явілася яшчэ ў 33 дзяцей, чые   мамы  згодна  з  Указам   Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь  ад 6 мая  2021  года  былi  ўзнагароджаны ордэнам Маці. Уручэнне адбылося ў раённым выканаўчым камітэце. Шэсць пухавіччанак атрымалі свае ўзнагароды з рук старшыні райвыканкама Віктара Каляда.

Сярод узнагароджаных —  Вольга Кікот, якая і сама выхоўвалася ў шматдзетнай сям’і. І, больш за тое, у яе бабулі было 11 дзяцей. Вольга Васільеўна ўпэўнена, што фундаментам шчаслівай сям’і з’яўляецца здольнасць маці бачыць і чуць кожнае дзіця, своечасова працягваць ім руку дапамогі, любіць сваіх дзяцей.

Вольга Комлік таксама выхоўвае пяцёра дзяцей. У вольны час яны ўсёй сям’ёй займаюцца алмазнай мазаікай. Складваюць карціны і дораць іх блізкім людзям. Усё гэта спрыяе згуртаванню сям’і, іх уменню працаваць у камандзе, а таксама гатоўнасці прыходзіць на выручку адзін аднаму.

Аксана Сцефаненка выхоўвае шасцёра дзетак. Старэйшыя заўсёды гатовы дапамагчы маці ў пытаннях выхавання і наглядзе за малодшай сястрычкай. У дзяцей Аксаны Фёдараўны ёсць агульнае хоббі: яны вельмі любяць фатаграфавацца.

Старшыня Пухавіцкага райвыканкама Віктар Каляда ўручае ордэн Маці Аксане Сцефаненка.

У сям’і Алены Домніч — сямёра дзяцей. Галоўным прызначэннем жанчыны Алена Іванаўна лічыць клопат пра сям’ю, жаданне быць верным сябрам дочкам і сынам.

Марына Зубровіч стараецца, каб дзеці выхоўваліся ў атмасферы любові і павагі. Яна прывівае ім з дзяцінства навыкі працавітасці, вучыць іх ўзаемадапамозе, добрасумленнасці, адказнасці за свае учынкі.

Ксенія Кадоліч лічыць сваю сям’ю галоўным дасягненнем.  Увесь вольны час яна прысвячае сваім дзецям, выхоўвае ў іх  паважлівае стаўленне да дарослых. Дзеці захапляюцца гісторыяй, спортам і турызмам.

Усе мамы ўпэўнены, што быць мамай — гэта самая высакародная праца, за якую атрымліваеш і самую высокую ўзнагароду — дзіцячую любоў…

Алена  ІВАНОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *