Пухавіччына сустракала 55-ы «Зорны паход»

 

У 55-ы раз  прайшоў  традыцыйны  «Зорны  паход», удзел у якім  прынялі каля 300 студэнтаў  і  выкладчыкаў  БДПУ  імя  Максіма ТанкаЕўразійскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Льва Гумілёва (Казахстан), Маскоўскага, Навасібірскага, Ташкенцкага імя  Нізамі  дзяржаўных педагагічных  універсітэтаў  і  Расійскага  дзяржаўнага прафесійнапедагагічнага ўніверсітэта.

Юбілейны паход быў прысвечаны 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Студэнты і выкладчыкі пабывалі ў 5 раёнах Міншчыны, у тым ліку і ў Пухавіцкім раёне.

Удзельнікі «Зорнага паходу» сустракаліся з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, удзельнічалі ў мітынгах, наведвалі брацкія магілы воінаў і мірных жыхароў, загінуўшых у гады вайны, а таксама далучыліся да рэспубліканскай акцыі «У славу агульнай Перамогі!» і прынялі ўдзел у заборы зямлі з брацкіх магіл воінаў і мірных жыхароў, якая будзе перададзена ў капсулах для размяшчэння ў крыпце мінскага храма-помніка ў гонар Усіх Святых.

Ва ўрачыстым адкрыцці паходу ў Мінску прыняў удзел міністр адукацыі Ігар Карпенка. Ён адзначыў, што БДПУ не выпадкова выступае ініцыятарам мерапрыемства: для педагога важна пабываць у сельскай школе, пагутарыць з настаўнікамі і дзецьмі, правесці прафарыентацыйную гутарку. Важна і тое, каб моладзь не забывала традыцыі папярэдніх пакаленняў.

Дарэчы, міністр і сам у свой час прымаў удзел у «Зорным паходзе». Як і начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Уладзімір Губарэвіч, які вітаў студэнцкі дэсант на Пухавіччыне. Ён сказаў, што ў нашым раёне ёсць шмат цікавых месцаў, якія можна наведаць, каб аддаць даніну памяці воінам Вялікай Айчыннай вайны. Будучых калег Уладзімір Віктаравіч заклікаў прыгледзецца і да школ Пухавіччыны, бо ўжо заўтра камусьці з выпускнікоў ВНУ трэба будзе зрабіць выбар месца працы. Чаму ж тады не наш прысталічны раён, дзе маладым настаўнікам заўсёды рады?!

У першы дзень паходу па Пухавіччыне будучыя гісторыкі і псіхолагі прынялі ўдзел у мітынгу на Алеі Славы, пабывалі ў вай-сковай часці 89417, наведалі музей, усклалі кветкі да помніка воінам-інтэрнацыяналістам на яе тэрыторыі, а таксама падарылі выдатную сустрэчу вучням  СШ  №3 горада Мар’іна Горка, дзе адбылася сумесная канцэртная праграма школьнікаў і студэнтаў. Пасля яе завяршэння студэнты правялі з вучнямі старэйшых класаў майстар-клас па развіцці сцэнічнага майстэрства і крэатыўнасці, а таксама «круглы стол»  «Перамога адна на ўсіх».

Праграма другога дня была таксама насычанай і цікавай. Падзеяй дня для студэнтаў стала наведванне брацкай магілы на могілках у аграгарадку Пухавічы. Дырэктар раённага краязнаўчага музея Аляксандр Прановіч расказаў гасцям Пухавіччыны, што гісторыя раёна вельмі багата на падзеі, звязаныя з гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны. У нашым раёне сотні брацкіх магіл, дзе пахаваны чырвонагвардзейцы і мірныя жыхары, ахвяры фашысцкай акупацыі. Пухавіччане захоўваюць памяць пра герояў.

Студэнтам-гісторыкам было цікава даведацца аб тым, што імёны некаторых салдат сталі вядомы праз шмат гадоў пасля Вялікай Перамогі. Галоўны рэдактар раённай газеты Вольга Савасцюк расказала гісторыю аб тым, як у першыя дні вайны на ся-дзібе яе бабулі былі забіты падчас адступлення два чырвонаармейцы. Гаспадары пахавалі іх на мяжы ў агародзе. І заўсёды да-глядалі месца пахавання салдат. Толькі ў 1970-я гады адбылося перапахаванне астанкаў. Тады былі знойдзены медальёны і ўстаноўлены прозвішчы ўкраінца  Фёдара Дземчанкі і казаха Бекбая Сагімбаева.

Студэнту Адзілю Егінбаю, земляку героя вайны, былі перададзены фотаздымкі, дакументы аб пахаванні ў брацкай магіле і кніга “Памяць” (гісторыя Пухавіччыны). Уражаныя расказам пра  Бекбая Сагімбаева, Адзіль і яго сябры выказалі жаданне знайсці родных салдата, які пахаваны на беларускай зямлі, і дзе жыве памяць аб ім.

Падчас візіту ў наш раён студэнты пабывалі таксама ў СШ №4, СШ №2 горада Мар’іна Горка, ВПК дзіцячы сад-СШ, цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Світанак”.  Таксама адрасамі для візітаў сталі Дружны, Свіслач, Пярэжыр. Праграма была вельмі насычаная: семінары, трэнінгі, інтэлектуальныя і спартыўныя гульні, сумесныя канцэрты, сустрэчы з ветэранамі, экскурсіі ў школьныя музеі…

Адной з самых яркіх падзей “Зорнага паходу” стала экскурсія ў раённы края-знаўчы музей у Блоні, дзе госці нашага раёна змаглі падвесці вынік таму, што было ўбачана і перажыта за некалькі дзён, праведзеных на Пухавіччыне. Эмоцый студэнты не хавалі: новыя знаёмствы, новыя веды пра нашу Радзіму — гэта карысна і неверагодна цікава. Гэта тое, што дае падставу яшчэ ярчэй усвядоміць сябе сапраўдным грамадзянінам сваёй краіны.

Алена  ШАНТЫКА.

 

 

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *