Пухавіцкая сярэдняя школа адзначыла 155 гадоў

Кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Мінуўшчына” Вадзім Кушняроў і актыў піянерскай дружыны імя Яўгена Мікульчыка.

Адна з самых старэйшых устаноў адукацыі ў раёне — Пухавіцкая сярэдняя школа — адзначыла 155 гадоў. Яе гісторыя вядзе адлік ад 16 лістапада 1863 года, калі ў мястэчку Пухавічы з’явілася пачатковае народнае вучылішча. За доўгі час свайго існавання вучылішча было пераўтворана спачатку ў сямігодку,  а  потым  у  сярэднюю школу, якая  сёння з’яўляецца адной з самых вялікіх вясковых  школ раёна.

Сустракаць   дзень  нараджэння сабраліся настаўнікі і вучні, ветэраны педагагічнай  працы, прадстаўнікі раённага кіраўніцтва. Лепшая адзнака дзейнасці любой  установы адукацыі —  поспехі  яе  выпускнікоў, якія былі   запрошаны  на святочныя   мерапрыемствы ў якасці ганаровых гасцей.

Урачыстая частка пачалася з прамовы дырэктара Пухавіцкай сярэдняй школы Валянціны Бяседзінай. Шмат добрых слоў прагучала ў адрас настаўнікаў, што працавалі раней і працуюць зараз, вучняў, якія радуюць поспехамі сёння і славяць гонар школы пасля яе заканчэння.

Ад імя настаўнікаў  і  вучняў   школы   Валянціна  Сяргееўна выказала віншаванні з 80-гадовым юбілеем выпускніку Анатолю Скачаку. Праз усё жыццё Анатоль Васільевіч пранёс боль успамінаў пра нацысцкі лагер, вязнем якога ён стаў у дзяцінстве. Гэты таленавіты, неабыякавы чалавек з’яўляецца аўтарам нагруднага знака “Вязень нацызму”, па яго ініцыятыве ў Магілёве ўстаноўлены помнік “Дзецям вайны”.  А падчас святкавання 155-годдзя Пухавіцкай сярэдняй школы адбылося ўрачыстае адкрыццё знака “Памяць. Пакаянне.  Прымірэнне”, які сімвалізуе пакаянне тых, хто распачынае войны, перад тымі, хто ад іх пакутуе. Больш за дзесяць гадоў працаваў над ім Анатоль Скачак.  У якасці падарунка школе Анатоль Васільевіч арганізаваў выступленне хора былых дзяцей–вязняў, у выкананні якога прагучалі ваенныя песні.

Знак “Памяць. Пакаянне. Прымірэнне”.

Госці атрымалі задавальненне ад канцэртнай праграмы,    падрыхтаванай  вучнямі   і  настаўнікамі  школы. Таксама  наведалі школьны музей, экспазіцыя якога была абноўлена да свята намаганнямі  кіраўніка  аб’яднання па інтарэсах “Мінуўшчына” і актыва піянерскай дружыны імя Яўгена  Мікульчыка. Выставы  “Гонар школы, раёна, краіны”, “Яны прынеслі славу школе” выклікалі ў наведвальнікаў прыемныя хваляванні.

Члены сям’і генерал-лейтэнанта  Яўгена  Мікульчыка  (яго ўдава і сын) выказалі шчырыя словы ўдзячнасці за захаванне памяці пра мужа і бацьку — ганаровага грамадзяніна Пухавіцкага раёна, выпускніка школы, які пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны быў прызваны ў армію і прайшоў шлях ад радавога да генерал-лейтэнанта, нёс службу на высокіх пасадах ва Узброеных Сілах СССР.    Яўген  Васільевіч  на працягу ўсяго жыцця  заставаўся адданым Радзіме, усе яго ўчынкі  заслугоўваюць вялікай пашаны.

Кіраўніцтва і педагагічны калектыў школы выказваюць падзяку за матэрыяльную падтрымку ў афармленні стэндаў, прысвечаных знакамітым выпускнікам установы адукацыі, гандлёва-вытворчаму таварыству   з  абмежаванай  адказнасцю     “Пухавічыгандаль” у асобе кіраўніка Уладзіміра Шпакоўскага, адкрытаму акцыянернаму таварыству “Пухавіцкі вопытна-эксперыментальны завод” у асобе кіраўніка Аляксандра Кончанкі.

Вадзім КУШНЯРОЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *