Пухавіцкія аграрыі атрымліваюць новыя спецыяльнасці

Мікалай Кірпічоў і Віктар Калясенка (справа) вядуць размову з навучэнцамі цэнтра.

У дзяржаўнай установе дадатковай адукацыі дарослыхЦэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі рабочых упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Пухавіцкага райвыканкаманавучанне вядзецца на працягу ўсяго года. У снежні мінулага года за парты селі 24 чалавекі. Тры месяцы заняткаў завяршыліся для навучэнцаў іспытамі і атрыманнем новых вадзіцельскіх катэгорый.

— Гэта група перападрыхтоўкі з катэгорыі “А” на катэгорыі “В”,“D”, “F” атрымалася змешанай. Акрамя работнікаў сельскай гаспадаркі, сюды ўвайшлі  работнікі прамысловых і дарожных прадпрыемстваў раёна. Некаторыя навучаліся за свой кошт. Гэта ў асноўным пухавіччане, якія працуюць у Мінску,  — адзначае дырэктар цэнтра Віктар Калясенка. —  Групу набіралі з разлікам завяршыць навучанне да пачатку пасяўной кампаніі. У запланаваныя тэрміны мы ўклаліся.

На перападрыхтоўку сваіх трактарыстаў-машыністаў накіравалі ААТ “Агра-Абярэг”, “Аграсімвал”, СУП “Дукора-Агра”, сельгасфіліял “Чырвоны май”. Сярод механізатараў заўважаю знаёмыя твары. З Уладзімірам Мазанікам з   ААТ  “Аграсімвал” ужо даводзілася  сустракацца  на   палетках.

— Па спецыяльнасці я токар-станочнік. У мінулым годзе тут жа атрымаў пасведчанне трактарыста-машыніста, — гаворыць Уладзімір Мазанік. — Пасля чарговай вучобы змагу  кіраваць  пагрузчыкам, энерганасычаным трактарам. Падчас уборачнай спадзяюся папрацаваць на камбайне. Вопыт памочніка камбайнера ў мяне ёсць, для самастойнай працы не хапала адпаведнага пасведчання.

Значна пашырыўся і спіс тэхнікі для  работы  ў  Іосіфа Вільтоўскага з ААТ “Агра-Абярэг”.

Старшы майстар вытворчага навучання Леанід Самойленка і майстар вытворчага навучання Мікалай Кірпічоў і іншыя работнікі цэнтра  на працягу двух месяцаў выкладалі ў групе тэарэтычныя дысцыпліны. Практыку навучэнцы  праходзілі ў тых арганізацыях, якія накіравалі  іх  на  вучобу.

За практычную частку экзамену  ніхто з навучэнцаў не перажываў: за рулём не першы год. А вось наконт тэарэтычнай часткі хваляванні былі. Экзамен прымаў начальнік Пухавіцкай раённай інспекцыі Дзяржтэхнагляду Дзяніс Шырокі. Гэта  інстанцыя выдае трактарыстам-машыністам пасведчанні аб атрыманні вадзіцельскіх катэгорый.

—  Першы сёлета выпуск атрымаўся паспяховым. Мы ўжо набралі яшчэ адну групу. На вучобу накіравана дванаццаць чалавек з сельгаспрадпрыемстваў. У пачатку красавіка яны паедуць на практыку, — працягвае дырэктар Віктар Калясенка. — У цэлым за 2018 год мы падрыхтавалі каля сямідзесяці трактарыстаў. За апошнія тры-чатыры гады большасць работнікаў гаспадарак прайшлі вучобу і атрымалі адпаведныя вадзіцельскія катэгорыі, таму колькасць  аграрыяў у групах у сярэднім складае 10-15 чалавек. Гэта ў асноўным тыя, хто нядаўна ўладкаваўся на працу.

Кацярына  ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *